Пяццю маладымі ігракамі папоўніўся склад гандбольнага клуба СКА (Мінск). Аб гэтым кіраўніцтва армейскай дружыны паведаміла на клубнай прэзентацыі перад стартам сезона 2014/2015, якая прайшла ў Зале алімпійскай славы штаб-кватэры Нацыянальнага алімпійскага камітэта (НАК) Беларусі.

Навічкоў каманды Арцёма Каралька, Антона Бароўскага, Андрэя Каляровіча, Вячаслава Бохана і Аляксея Шынкеля прадставіў намеснік дырэктара СКА Андрэй Крайноў, пасля чаго ён уручыў гандбалістам клубныя майкі.

Намеснік старшыні Мінгарвыканкама Андрэй Дамарацкі, які прысутнічаў на мерапрыемстве, адзначыў, што каманда ў новым сезоне абавязана прагрэсіраваць і ставіць перад сабой высокія мэты: «У цяперашніх ігракоў СКА перад вачыма выдатны прыклад для пераймання з мінулых пакаленняў. Сёння беларускі гандбол на ўздыме. Нашы нацыянальныя зборныя розных узростаў прабіваюцца і прадстаўляюць Беларусь на топ-турнірах. Вельмі важна не зніжаць планку і не спыняцца ў развіцці. Спадзяюся, выхаванцы Спартака Мірановіча з СКА дапамогуць зборнай Беларусі зрабіць яшчэ адзін крок наперад», — сказаў віцэ-мэр беларускай сталіцы. Словы на дарогу перад стартам у чэмпіянаце ў адрас гандбалістаў і трэнерскага штаба прагучалі ад намесніка міністра абароны Міхаіла Пузікава.

Настаўнік армейцаў Спартак Мірановіч ва ўрачыстай абстаноўцы перадаў узнагароду Міжнароднага алімпійскага камітэта «Спорт — школа жыцця» для прадстаўлення яе ў музейнай экспазіцыі НАК Беларусі, якая дэманструе развіццё алімпійскага руху ў краіне. Галкіпер СКА і зборнай Беларусі Іван Мацкевіч узяў прыклад з настаўніка і перадаў у музей Кубак выкліку, які мінчане выйгралі ў 2013 годзе.

Гандбольны клуб СКА (Мінск) заснаваны ў 1976 годзе і з'яўляецца самым тытулаваным гандбольным клубам Беларусі. У 1980-я гады ХХ стагоддзя армейцы ўваходзілі ў лік мацнейшых каманд СССР і Еўропы. У суверэннай гісторыі Беларусі СКА станавіўся 10-разовым чэмпіёнам краіны (1993, 1994, 1995, 1996, 1997, 1998, 1999, 2000, 2001, 2002), сяміразовым сярэбраным (2004, 2005, 2006, 2007, 2008, 2013, 2014) і бронзавым (2009) прызёрам нацыянальнага першынства. Мінчане выйгравалі Кубак выкліку ЕГФ (2013), станавіліся шматразовымі ўладальнікамі Кубка Балтыйскай лігі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?