Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка павіншаваў удзельнікаў і гасцей Дня беларускага пісьменства, урачыстасці праходзяць у Заслаўі.
Тэкст віншавання змешчаны на сайце кіраўніка дзяржавы.
«Сардэчна віншую вас з Днём беларускага пісьменства, які сёлета праводзіцца ў старажытным горадзе Заслаўі.
За гады свайго існавання свята заняло пачэснае месца ў шэрагу важнейшых падзей культурнага жыцця нашай краіны і яскрава нагадвае пра неабходнасць беражлівага захавання духоўнай спадчыны Беларусі.
Ад часоў Еўфрасінні Полацкай і Кірылы Тураўскага кніга заўсёды была для беларусаў жыватворнай крыніцай, надзейным падмуркам нацыянальнага развіцця. Літаратура выхоўвала ў людзях лепшыя якасці, аказвала вялікі, а часам і вызначальны ўплыў на фарміраванне іх светапогляду.
Сёння беларуская дзяржава актыўна падтрымлівае нацыянальную інфармацыйную прастору, айчыннае кнігавыданне ў мэтах кансалідацыі грамадства, сцвярджэння высокіх маральных каштоўнасцей і ідэалаў.
Шчыра жадаю ўсім удзельнікам і гасцям свята моцнага здароўя, дабрабыту, новых творчых і працоўных дасягненняў».