Зоркі беларускага шоу-бізнесу згуляюць матч у падтрымку жаночай нацыянальнай зборнай па баскетболе на чэмпіянаце свету, які пройдзе ў канцы верасня ў Турцыі. Паглядзець выставачны матч можна будзе 14 верасня ў 19.00 у мінскім Палацы спорту. 

Партнёрамі мерапрыемства выступілі казіно «Белая Вежа» і рэстаран Grand Belladgio пры падтрымцы Беларускай федэрацыі баскетбола і баскетбольнага агенцтва «Майк Дызель». 

Як адзначыла на прэс-канферэнцыі 8 верасня прадстаўнік агенцтва «Майк Дызель» Аляксандра Пушкіна, унікальнасць матча ў тым, што ўпершыню ў Беларусі непрафесійныя баскетбалісты вырашылі апрабаваць сябе ў новым вобразе, падтрымаўшы такім чынам жаночую нацыянальную зборную. 

«Ідэя ў паветры лунала даўно. Быў прыемна здзіўлены тым, што столькі хлопцаў падключылася, — падзяліўся ўражаннем саліст музычнага гурту «Чук і Гек» Павел Сыраежкін. — Вырашылі гэтым матчам падтрымаць нашу самую выніковую зборную ў гульнёвых відах спорту. Упэўнены, мы зможам павесяліцца і задаць настрой камандзе перад адказным стартам». 

Паводле слоў Аляксандры Пушкінай, да падрыхтоўкі зорныя гульцы падышлі сур'ёзна — яны стараюцца прытрымлівацца рэжыму прафесійных баскетбалістаў. «Хлопцы не проста самі арганізоўваюць трэніровачны працэс, іх трэніруе прафесійны трэнер, арганізатар чэмпіянату Беларусі па баскетболе Юрый Воўк. На першай трэніроўцы ўсе гульцы цешыліся тым, што маюць магчымасць пасля доўгага перапынку трымаць баскетбольны мяч, проста кідаць яго, бегаць, штурхацца, таму гульцы парушалі ўсе баскетбольныя правілы. Аднак пасля тэарэтычных настаўленняў і спробаў другая трэніроўка нагадвала па-сапраўднаму прафесійны баскетбол: гульцы прымянялі пэўныя камбінацыі, кантактавалі і маглі аб чымсьці дамовіцца», — расказала прадстаўнік «Майк Дызель». 

Нягледзячы на тое што матч выставачны, у ходзе яго павінны выконвацца ўсе правілы прафесійнага баскетбола, а судзіць гульню ў Палацы спорту будуць суддзя вышэйшай катэгорыі чэмпіянату Беларусі і суддзя міжнароднага класа (ФІБО). Настаўніцамі абедзвюх каманд стануць дзяўчаты з жаночай зборнай: Наталля Марчанка, Алена Леўчанка, Кацярына Сныціна і Таццяна Ліхтаровіч. 

«Трафеі гульцоў чакаюць як і ў класічным баскетболе: суддзі вызначаць пяцёрку лепшых гульцоў па пазіцыях, а таксама выберуць самага каштоўнага гульца», — паведаміла Пушкіна. 

У склад зорных каманд уваходзяць: Павел Шастакоў (каманда КВЗ НЗ, тэлерадыёвядучы), Дзяніс Аргер (выдавец часопіса ICON), Дзімітр Калачоў (акцёр, музыкант), Стэфан Како (хіп-хоп-выканаўца), Алег Ціткоў (прадзюсар, тэлевядучы), Юрый Вашчук (ён жа Тэа, спявак), Дзмітрый Новік (арт-дырэктар РК «Белая Вежа», музыкант, шоумен), Максім Югаў (шоумен), Мікалай Сяроў (прамоўтар, блогер), Алег Лімон (гурт No Comment Band), Дзмітрый Кахно (тэлевядучы, журналіст), Ілля Конанаў (тэлевядучы), Іван Вабішчэвіч (ён жа Дзядзя Ваня, музыкант, тэлевядучы), Артэміс Ахпаш (радыётэлевядучы), Віталь Воднеў (шоумен, музыкант, тэлевядучы), Арцём Міхаленка (спявак, шоумен), Міхаіл Руфус (DJ), Павел Сыраежкін (саліст гурту «Чук і Гек», тэлевядучы).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?