Дзеля бясьпекі пешаходаў актывісты Руху за Свабоду выпусьцілі першую сэрыю флікераў з выявай нацыянальнага сьцяга.

Ініцыятар акцыі, намесьнік старшыні Руху за Свабоду Юрась Губарэвіч, перакананы, што флікеры паспрыяюць бясьпецы на дарогах. Флікеры будуць распаўсюджвацца бясплатна, пераважна ў рэгіёнах. “Наш нацыянальны сьцяг мусіць асвятляць дарогу і ў цемры”, — кажа Губарэвіч.

Флікер выраблены ў выглядзе бірулькі, на адным баку якой выява нацыянальнага сьцягу, а на другім — знак Руху за Свабоду. Яго можна будзе мацаваць на заплечніку ці вопратцы. З часам Губарэвіч хоча вырабіць і бел-чырвона-белую нарукаўную стужку.

Прэс‑служба Мінскага ўпраўленьня ДАІ цалкам ухваляе падобныя ініцыятывы.

— Мы шчыра вітаем і нават заахвочваем ініцыятывы арганізацый вырабляць і бясплатна распаўсюджваць флікеры, калі ёсьць такая магчымасьць. Адна з умоў, каб флікеры адпавядалі пэўным стандартам. Няхай там будзе рэкляма арганізацыі. Мы нават самі згодны іх раздаваць у школах і навучальных установах праз нашыя структуры, — паведаміла нам прэс‑сакратарка Менскай ДАІ Жанна Трайно.

буг; паводле milinkevich.org

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0