У глабальнай экалагічнай акцыі па прыбіранні прыродных тэрыторый «Зробім!» возьмуць удзел 12 беларускіх гарадоў, уключаючы Мінск, Гомель, Гродна, Брэст. 

Як паведамляе прэс-служба Цэнтра экалагічных рашэнняў, прыбіранне ў межах акцыі будзе праходзіць кожныя выхадныя з 13 верасня па 12 кастрычніка. Першая ўборка пройдзе 14 верасня на Заслаўскім вадасховішчы (Мінскім моры).

Як мяркуюць у ЦЭР, удзел Беларусі ў міжнароднай акцыі дапаможа навесці парадак у гарадах і сельскай мясцовасці, месцах адпачынку, ліквідаваць несанкцыянаваныя сметнікі ў лясах і на прыбярэжных тэрыторыях. 

Далучыцца да акцыі ў сваім рэгіёне могуць усе ахвотныя. Інфармацыю пра запланаваныя пункты прыбірання на ўвесь перыяд акцыі можна даведацца на сайце greenmap.by, дзе ў рэжыме рэальнага часу ўказваюцца месцы, на якіх запланаванае або праводзіцца прыбіранне, а таксама будуць адзначаны ўжо прыбраныя тэрыторыі. 

У акцыі няма адзінага каардынатара, і любы ахвотны можа арганізаваць уласнае прыбіранне. Больш падрабязна пра гэта можна даведацца на сайте ЦЭР. 

Акцыя «Зробім!» упершыню прайшла ў 2008 годзе ў Эстоніі і атрымала падтрымку сярод насельніцтва. За адзін дзень 50 тысяч добраахвотнікаў сабралі 10 тысяч тон смецця па ўсёй краіне. У 2012 годзе акцыя была пераўтвораная ў «сусветнае прыбіранне», да якога падключылася больш за 80 краін, у тым ліку Беларусь.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?