«Працэс распрацоўкі праграмы фармаваньня адзінай адукацыйнай прасторы Саюзнай дзяржавы зацягнуўся», — такую думку агучыў начальнік упраўленьня аналітычнай і прававой працы Мінадукацыі Беларусі Анатоль Кучынскі.

А з моманту пачатку перамоваў у сфэры адукацыі паміж Беларусьсю і Расеяй шляхі краінаў‑суседак па рэформе адукацыі разьбягаюцца.

Чыноўнік зазначыў, што на сёньня паміж Беларусьсю і Расеяй падпісана звыш 300 разнастайных дамоваў і пагадненьняў ад супрацы ў сфэры адукацыі, але «з розных прычынаў працэс зацягнуўся». Такія адзнакі гучалі сёньня на навукова‑практычнай канфэрэнцыі «Фармаваньне нарматыўнай базы адзінай адукацыйнай прасторы Саюзнай дзяржавы».

Кучынскі дадаў, што робіцца ўсё неабходнае, каб у выніку выйсьці на стварэньне комплекснага праграмнага дакумэнта. Паводле яго плян пачне дзейнічаць з 2009 года і будзе працаваць на працягу 2 год.

Тут варта ўзгадаць, што якраз у 2009 годзе Расея зьбіраецца ўводзіць двухузроўневую ступень адукацыі, як тое прадугледжана Балоньскім працэсам, да якога расейцы далучыліся ў 2003 годзе.

Беларусь жа да Балоньскага працэсу не далучаная, хоць чыноўнікі неаднаразова рабілі заявы адносна далучэньня да эўрапейскай сыстэмы адукацыі. Але апошнія праўкі ў закон аб адукацыі ў Беларусі прынятыя толькі ў мінулым годзе і не прадугледжваюць двух ступеняў адукацыі, як «бакаляўр» і «магістар».

generation.by

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0