Для ўсіх, хто цікавіцца трэндамі, цудоўным чынам сышліся на мінулым тыдні тры навіны.

Першая паведамляла пра тое, што наша любая краіна ў сусветным спаборніцтве, хто колькі вып’е, дасягнула­ такі недасяжнай вышыні — 17 з паловай літраў чыстага спірту на чалавека ў год. Вельмі важкі ўнёсак у сярэднія 6,2 літра на ўсё чалавецтва.

Не ведаю, як вылічваецца колькасць чыстага спірту з так званых «чарніл», але, дзякуючы нястомнаму клопату ўлады пра спатоленне смагі, вытворчасць апошніх толькі ўзрасце. І гэта другая навіна.

Трэцяя навіна проста ашаламляе сваёй навізной: МУС прапануе «ўвесці забарону на ўжыванне алкагольных і слабаалкагольных напояў для тых, каму няма 18 гадоў. Плануецца ўвесці адміністратыўную адказнасць бацькоў за такое парушэнне»…

За сваё слабаалкагольнае жыццё я ўжо стаміўся ад падліку падобных стымулюючых і забарончых ініцыятываў. Апошнім разам, гадоў мо пяць таму, адзначылася Генеральная пракуратура — прапанавала ўвогуле спыніць вытворчасць «чарніл», а замест іх ціснуць сокі.

Але куды там МУС, Генпракуратуры ды ўсяму беларускаму ўраду да ЦК КПСС і яго памятнай «гарбачоўскай» ініцыятывы!

Народ, помніцца, адазваўся ўсеагульным ухваленнем, пра што ахвотна расказваў на старонках газет, з трыбун шматлікіх сходаў і з нудных тэлевізійных экранаў. Але мне больш за іншае запомнілася, як адгукнуліся таварышы­алкаголікі з перадавога ва ўсіх адносінах Светлагорскага ЛПП. Яны застрайкавалі. То бок цалкам адмовіліся ад прымання лекаў і чорнай працы, па­навуковаму, працатэрапіі.

Гэта быў, мусіць, першы і адзіны па­свойму страйк, калі людзі патрабавалі не таго, з чым не могуць жыць, а таго, з чым жыць не ўмеюць. То бок свабоды і справядлівасці, адсутнасць якіх выяўлялася, па іх меркаванні, у турэмным рэжыме, дрэнным, з­за крадзяжу персаналам прадуктаў, харчаванні і псеўдалячэнні — з­за таго ж крадзяжу дарагіх лекаў.

Не буду стамляць чытача апісаннем тых сустрэч, размоваў і шумнага сходу, на якім высокія міліцэйскія чыны, што былі накіраваны ў тое злашчаснае ЛПП па заданні ЦК КПБ, пераконвалі хворых на алкагалізм людзей, як нядобра страйкаваць і, тым больш, піць.

Камандзіроўка тая скончылася… Правільна, сытнай вячэрай і вясёлай п’янкай, вось толькі каньяк начальнік ЛПП і галоўурач налівалі з імбрычка…

Каньяк з імбрычка… Да «чарніла» ні вялікае, ні маленькае начальства не апускалася.

За «чарніла» засмучалася цётка Гэля з вёскі Малышкі, куды па тым часе мне выпадала шматкроць наязджаць. Аднойчы якраз праз тыдзень пасля выбараў першага прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Знайшоў я Гэлю ў напаўцёмнай кухні, яна сядзела за выскрабеным да бляску сталом. У куце, на скрыўленай лаўцы, грувасціліся навалам мо з дзясятак боханаў чорнага хлеба…

«А ты Лукашэнку бачыў? Ну, які ён?» — «А то сама не бачыла…» — «Ды дзе там… Часу няма… А праўда, што хлеб аж у тры разы даражэйшы стане? І «чарніла» падаражэе?»

Так, слова за слова, высветлілася: тэлевізар, што завешаны прыгожа вышытым ручніком, цётка Гэля даўно не глядзіць, перайшла, так бы мовіць, на энергазберагальную тэхналогію; Лукашэнку ані ў вочы, ані здалёк не бачыла. Але галасавала за яго, бо ўсе гаварылі, што ён абяцае добрае жыццё. «Як пры Брэжневу» — рэзюміравала цётка Гэля. І, падумаўшы, дадала: «Ці як у Польшчы»…

З Польшчы, куды яна ездзіла да сястры, цётка Гэля прывезла хусткі. «А якія ж прыгожыя! — прыжмурыла вочы і адчыніла куфар. — Глядзі!»

…Ну, навошта Гэлі патрэбныя былі ў велізарных колькасцях «чарніла» і хлеб, тлумачыць і сёння не трэба. Ды й мяне яна канчаткова зашанавала пасля таго, як адстаяў з ёй, ледзь пазбегнуўшы панажоўшчыны, даўжэзную чаргу ў сельмаг, каб узяць для яе яшчэ пару бутэлек.

Карацей кажучы, пра Гарбачова яна і слухаць не жадала, пра Шушкевіча таксама, бо пры адным ані «чарніл», ані водкі не стала, пры іншым – краіны, у якой тых «чарніл» і водкі было хоць залейся…

Уся веліч дзяржавы ўвасаблялася для яе ў магчымасці адкарміць хлебам жывёліну і расплаціцца «чарнілам» за ўзараныя соткі ды іншы набор паслуг, без каторых тагачаснае вясковае жыццё, самотнае і жаночае асабліва, ураз магло скалынуцца. Жыццё, пра якое, калі пытаўся, Гэля гаварыла: «Гаўнянае. Але ж хусткі ё…»

Не ведаю, колькі хустак засталося ў Гэлі за дваццаць гадоў «пры Лукашэнку» ды і ці здараюцца сёння страйкі ў ЛПП. Але які­ніякі жыццёвы досвед падказвае, што, як толькі справы ў дзяржаве зусім пагаршаюцца, адразу абвяшчаецца барацьба з «алкагалізацыяй насельніцтва». Гэткі ілюзіён: ці то ў выглядзе «сокаў замест «чарніл», ці то розных там Дзён цвярозасці, ці то забароны бацькам спойваць малалетак…

Пра сусветна вядомы вынік гэтай барацьбы чытай у навіне №1.

P.S. Палітолагі, аналітыкі ды іншыя настрадамусы да сёння гадаюць, чаму адна вялікая дыктатура пад назвай СССР развалілася на дзясятак маленькіх і што будзе, калі яны праз пуцінскі «мірны план» ізноў зліюцца, па Дастаеўскім, «в припадке общежития».

Не ведаю, ці зліюцца, але пра тое, што сап’юцца, у мяне асабіста здагадка маецца. Бо калі асобныя людзі співаюцца па розных прычынах, то народы — ад немагчымасці годна жыць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?