Беларусы, якія ваююць у складзе добраахвотніцкага батальёна «Данбас», вырваліся з атачэння пад Ілавайскам разам з украінскімі вайскоўцамі. Адзін з іх — беларус з пазыўным «Леў».

Паводле яго слоў, ён браў удзел у вывазе параненых і забітых пад Ілавайскам. Іх транспартавалі на «хуткай» і двух грузавіках пад прыкрыццём аднаго БТРа. Яны прарваліся праз Старабешава, дзе, як казалі, стаялі расійскія танкі. Стратаў не было. «Удача любіць смелых», — кажа «Леў».

Мы знайшлі «Льва» ў Днепрапятроўску, ён пагадзіўся адказаць на некалькі пытанняў.

«Наша Ніва»: Чаму Вы вырашылі паказаць свой твар? Раней жа гэтага не рабілі.

Леў: Шмат што адыграла сваю ролю. Мне больш няма чаго хавацца. Калі хтосьці захоча знайсці мае дадзеныя, ён і так гэта зробіць.

«НН»: Дык, можа, раскажаце крыху пра сябе?

Л: Не хачу ліць ваду на млын тых, хто зараз расшуквае мяне. Няхай самі збіраюць інфармацыю. Мне каля 40 гадоў, нарадзіўся недалёка ад Мінска.

«НН»: А з якога часу Вы ва Украіне?

Л: Дзесьці ад 24—25 мая. Паехаў, каб аказаць брацкую дапамогу. Каб пабачыць свабодную краіну. А яшчэ — атрымаць досвед.

«НН»: Вы не лічыце ўкраінскую вайну чужой для Беларусі?

Л: Абсалютна не. Калі б ва Украіне ўсталяваўся рэжым кшталту таго, што цяпер у Расіі ці нават Беларусі — гэта была б здрада. Нельга казаць, што сітуацыя ва Украіне ніяк не звязаная з Беларуссю. Беларусы хочуць па­-хітраму пераседзець гэтую вайну, каб іх не зачапіла. На вайне, вядома, страшна. Але не настолькі, каб самому станавіцца, па­-руску кажучы, БЕСЧЕСТНЫМ. Лепш я буду ваяваць, але рабом не стану.

«НН»: А што самае страшнае на вайне?

Л: Страты. З іх і складваецца ўспрыняцце вайны. Я страху не адчуваў, адчуваў толькі гнеў. Па сутнасці, страху і не павінна быць, толькі спакой. Бо спакой дапамагае табе ў экстрэмальных сітуацыях. Што тычыцца стратаў, то ў пэўны момант адбываецца наміналізацыя…

«НН»: Вы сказалі — мабілізацыя?

Л: Наміналізацыя. Калі ўсё гэта ты складваеш у адну папку «Страты». [Гэты лінгвістычны тэрмін ужываецца і ў псіхалогіі, і ў філасофіі часам. Значэнне там у тым ліку — найвышэйшая ступень абагульнення. — Рэд.]

«НН»: Вы шмат сустракалі беларусаў на гэтай вайне?

Л: Чалавек сем-­восем. Бачыўся з імі, размаўляў. Цяпер у батальёне «Данбас» засталося чалавекі тры­-чатыры беларусаў.

Астатнія жывыя, нават не параненыя. Але так склалася, што яны былі вымушаныя з’ехаць з зоны баявых дзеянняў — сям’я паклікала ці іншыя прычыны. А пра атрад «Пагоня» я шмат чуў, але не сутыкаўся з імі.

«НН»: Цяпер шмат гавораць пра камандзіра «Данбаса» Сямёна Сяменчанку. Што Вы можаце расказаць пра гэтага чалавека?

Л: Гэта валявы чалавек, з характарам. Я дапускаю, што ў яго могуць быць палітычныя амбіцыі, бо па яго ініцыятыве была створаная вядомая арганізацыя «Данбас».

«НН»: Дык што ўсё ж здарылася пад Ілавайскам? Чаму Вы трапілі ў засаду, у акружэнне?

Л: Менеджмент кепска наладжаны. Калі б быў добры менеджар, то Ілавайск застаўся б за намі.

«НН»: А недаацэнкі праціўніка не было?

Л: Ніхто не чакаў, што там будуць расійскія войскі. Я ўвогуле разглядаю Ілавайск як нашу перамогу, нягледзячы на шматлікія ахвяры. Нас чакалі ў засадзе, але мы змаглі захапіць 2—3 танкі, 3—4 БТРы, узяць палонных. Гэта дорага каштуе.

«НН»: А якія цяпер настроі ў «Данбасе»?

Л: Самыя розныя пачуцці. Ніхто не баіцца памерці. Але не хочацца, каб смерць мы сустрэлі па дурасці. Байцам цяжка змірыцца з такім станам рэчаў, што ёсць цяпер.

«НН»: Што галоўнае Вы выносіце з гэтай вайны?

Л: Трэба умець цаніць час, які ў цябе ёсць.

* * *

Батальён тэрытарыяльнай дапамогі Данецкай вобласці «Данбас» быў утвораны вясной гэтага года. Галоўная мэта батальёна — захаванне непадзельнасці Украіны, знішчэнне ўзброеных тэрарыстаў. Камандзір батальёна — Сямён Сяменчанка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?