Незвычайную гісторыю бязмежнага даверу і чалавечай подласці расказала тэлевядучая Валярына Кустава.

Юрася С. ведаюць многія беларусы асабіста і віртуальна. У Мінску ён быў актывістам «Моладзі БНФ», сядзеў на сутках на Акрэсціна. У хлопца выдатныя здольнасці да замежных моваў. Некалькі гадоў таму ён з’ехаў у эміграцыю ў Швецыю.

Там Юрась не згубіўся, застаўся блізкім да палітыкі. У ягоным прафайле напісана, што працаваў у офісе шведскай кансерватыўнай партыі Мадэраты, якая цяпер пры ўладзе ў гэтай скандынаўскай краіне, памочнікам дэпутата. Не так даўно Юрась змяніў месца жыхарства на Лондан.

Там і пачаліся прыгоды. Паэтка Валярына Кустава кажа, што напрыканцы чэрвеня Юрась звярнуўся да яе з просьбай. Прасіў ён зняць гатэль, бо трапіў у нялёгкую жыццёвую сітуацыю.

Валярына ведала хлопца толькі са станоўчага боку. Калі яе саму абрабавалі ў Стакгольме, то менавіта Юрась прыйшоў на дапамогу.

Аднак проста зняць гатэль аказалася мала. Малады чалавек казаў, што яго не пускаюць у гасцініцу, браня зрываецца і г.д. І Валярына працягвала здымаць гатэлі, хоць грошы з карткі працягвалі «таяць».

«Далей, калі мае грошы скончыліся ў нуль, ён папрасіў, каб я пазычыла ў сяброў — і заброніла зноў». Спачатку спн. Кустава адмовілася, але ён угаварыў, і ў выніку яна пазычыла яшчэ грошай на патрэбу Юрася. Але гэтага аказалася мала! Хлопец папрасіў пашпартныя дадзеныя Валярыны і пін­код ад карткі, маўляў, без гэтага яго не пускаюць у гатэлі. Страты паэткі Валярыны склалі амаль $1500.

У выніку С. папрасіў знайсці чалавека ў Лондане, які мог бы дапамагчы яму «ў такой нялёгкай жыццёвай сітуацыі». Валярына параіла медыяэксперта Аляксея Лявончыка, які пазычыў Юрасю грошай, а таксама пусціў хлопца да сябе ў хату пажыць.

Калі прыйшоў час аддаваць пазыкі, то хлопец проста знік, не адказваючы на тэлефанаванні і паведамленні ў сацыяльных сетках. Аляксей Лявончык кажа, што ў яго спадар С. скраў з дома грошай на агульную суму прыкладна $3000. Выграб нават дробныя ўкраінскія грыўні — усё, што змог знайсці.

«Ён прыйшоў, прарыдаўся. Нічога не адмаўляў. Сказаў, калі ды колькі скраў. Я прымусіў яго сказаць дакладна, калі ён аддасць грошы Валярыне і мне. Ён сам назваў даты». Але ў гэтыя дні Юрась нічога не аддаў. «Стала відавочна, што Юрась нас дынаміць, хлусіць, не збіраецца вяртаць грошы», — кажа Лявончык.

Пасля таго, як гісторыя стала публічнай, хлопец ізноў з’явіўся на сувязі. Ён паабяцаў, што цягам дня аддасць усе пазыкі, толькі ўмаляў выдаліць допіс з апісаннем гэтай гісторыі у Фэйсбуку.

Аляксей і Валярына зноў даверыліся, але марна, грошай яны так і не пабачылі. Дзе цяпер сам Юрась, ніхто не ведае. Магчыма, ён вярнуўся назад з Лондана ў Стакгольм. Ахвяры маюць намер звярнуцца ў паліцыю. Праўда, пазыкі паабяцала аддаць адна добрая знаёмая Юрася. У такім выпадку справа скончыцца палюбоўна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?