Кампанію «Карусель пікетаў» распачынаюць актывісты Руху «За Свабоду» Арцём Лява і Алесь Марчанка. Яны прапануюць кожны дзень падаваць заяўкі на пікеты каля амбасады Расіі з патрабаваннем спыніць ваенныя дзеянні ва Украіне.

Ідэя «Каруселі пікетаў» у тым, каб людзі кожны дзень падавалі заяўкі адзіночныя пікеты ля пасольства, патлумачыў сайту Pyx.by Алесь Марчанка. Заяўкі на першыя пікеты 19 і 20 верасня ён і сябра Рады Руху «За Свабоду» Арцём Лява ўжо падалі, сёння ў Мінгарвыканкам звернецца яшчэ адзін актывіст.

«Калі знойдзецца шмат жадаючых, і на кожны дзень прызначаць пікеты, то чыноўнікі Мінгарвыканкама будуць абавязаныя даваць адказы, прыдумваючы новыя тлумачэнні, бо ўсім аднолькавыя адмовы не атрымаецца даць», — кажа Марчанка. 

Па словах актывіста, заяўкі на адпаведнасць заканадаўчым нормам былі правераныя юрыстамі-праваабаронцамі.

Хутчэй за ўсё, лічыць актывіст Руху «За Свабоду», «адказы будуць адмоўныя, але нейкім чынам трэба ж прымусіць чыноўнікаў выконваць Канстытуцыю і законы». Па ягоных падліках, на першыя заяўкі адказы прыйдуць 14-15 верасня.

Каб далучыцца да «Каруселі пікетаў» супраць вайны ва Украіне ахвочым трэба мець бланк заяўкі, якія сёння з'явяцца на сядзібе Партыі БНФ (вул. Чарнышэўскага, 3 у Мінску), акрамя таго, па іх можна звяртацца да арганізатараў акцыі ( +375 29 7518143 Арцём Лява). Арганізатары просяць актывістаў пазначаць дзень, на які яны плануюць падаваць заяўку, а таксама кажуць, што гатовыя выслухаць усе прапановы ад магчымых удзельнікаў.

Алесь Марчанка падкрэсліў, што ён асабіста працягне змагацца за магчымасць законна пратэставаць супраць расійскіх дзеянняў ва Ўкраіне. «Я б хацеў каб вайна хутчэй скончылася ва Ўкраіне і буду падаваць заяўкі, пакуль яна не скончыцца», — заключыў актывіст Руху «За Свабоду».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?