У новай Еўрапейскай камісіі не будзе камісара па пытаннях пашырэння, але будзе камісар па пытаннях Еўрапейскай палітыкі суседства і перамоў па пашырэнні.

На гэтую пасаду прапануецца Ёханэс Хан, які ў складзе камісіі прэзідэнта Жазэ Мануэля Барозу займае пасаду камісара па пытаннях рэгіянальнай палітыкі. Прэзентацыя новага складу Еўракамісіі адбылася ў сераду ў Брусэлі.

Згодна з бачаннем новаабранага прэзідэнта ЕК Жана-Клода Юнкера, у абавязкі камісара будуць уваходзіць пытанні ўзмацнення палітыкі суседства і перамовы адносна пашырэння, якія ўжо працягваюцца.

«ЕС трэба адпачыць ад пашырэння, каб мы змаглі аб'яднаць тое, што было дасягнута сярод 28 краін-сяброў», — сказаў ён.

У прыватнасці, перспектыва сяброўства будзе для Заходніх Балкан, але ў бліжэйшыя пяць гадоў пашырэння ЕС не будзе.

За знешнюю палітыку, як ужо вядома, будзе адказваць абраная Вярхоўным прадстаўніком ЕС па пытаннях знешняй палітыкі і палітыкі бяспекі, віцэ-прэзідэнт ЕК дзеючы міністр замежных спраў Італіі Фрэдэрыка Магерыні.

Знікне ў новай камісіі і пасада камісара па энергетычных пытаннях. Затое будзе створана пасада віцэ-прэзідэнта Энергетычнага Саюза, на якую прапаноўваецца прызначыць Алёнку Братушак, экс-прэм'ера Славеніі.

У склад ЕК Юнкера ўваходзяць 5 былых прэм'ер-міністраў, 4 віцэ-прэм'ер-міністраў, 19 былых міністраў, 7 былых членаў Еўракамісіі, 8 былых членаў Еўрапейскага парламента. 

Жанчыны складаюць каля 33% ад складу Камісіі, мужчыны — каля 66%. Новы склад ЕК яшчэ павінен зацвердзіць Еўрапейскі парламент.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?