ЖКГ вядзе працу па скарачэнні тэрмінаў адключэння гарачага водазабеспячэння ў летні перыяд, паведаміў на прэс-канферэнцыі 12 верасня ў Мінску начальнік аддзела энергетыкі і навукова-тэхнічнага развіцця Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Вячаслаў Шміт. 

«Мы працуем над скарачэннем тэрмінаў адключэння гарачага водазабеспячэння, але наогул ад адключэння адысці нельга. Гэта бяспека працы сістэмы ў восеньска-зімовы перыяд. Ёсць рэгламент аб абавязковым праходжанні гідраўлічных выпрабаванняў, каб увайсці ў ацяпляльны перыяд без аварыйных сітуацый. Да яго пачатку мы выяўляем слабыя месцы», — растлумачыў спецыяліст. 

Ён адзначыў, што па нарматывах тэрмін адключэння не павінен перавышаць 14 дзён. «Калі ў некаторых раёнах выпрабаванні паспяхова прайшлі, то ёсць прыклады адключэння і на пяць, і на сем дзён», — сказаў Шміт. 

Паводле яго слоў, адмовіцца ад адключэння можна, калі пабудаваць рэзервовыя сеткі, калі можна выпрабоўваць адзін участак, а рэзервовы будзе працаваць. «Але гэта вельмі дарагое мерапрыемства. Насельніцтва само знаходзіць выхады і ўстанаўлівае ў кватэрах электрабойлеры, выкарыстоўваючы іх у перыяд адключэнняў», — сказаў начальнік аддзела.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?