Расейскі актор Леанід Ярмольнік, які ўдзельнічаў у выбарах у Маскоўскую гарадзкую думу ад партыі «Грамадзянская плятформа», заявіў на прэс-канфэрэнцыі, што больш ніколі ня будзе балятавацца.

Як адзначыў Ярмольнік, кажучы пра галасаваньне 14 верасьня, большай агіды і большай бессаромнасьці ў сваім жыцьці ён ня бачыў.

Як сказаў актор, ён быў сьведкам, як дапускаліся «беспакараныя парушэньні перадвыбарчай барацьбы». «Я тры месяцы амаль па 2 разы на дзень сустракаўся з выбарцамі ў дварах», — адзначыў Ярмольнік. — Я ведаю, што фізычна людзі, якія прыходзілі, за рэдкім выключэньнем прагаласавалі за мяне. А перамагла «Адзіная Расея».

На думку актора, выбары з 20-працэнтнай яўкай нельга лічыць сапраўднымі.

Паводле дадзеных Маскоўскага гарвыбаркаму, яўка на выбарах у гарадзкую Думу ў нядзелю склала 21 працэнт. На папярэдніх аналягічных выбарах яўка склала больш за 35 адсоткаў.

Старшыня Маскоўскага гарвыбаркаму Валянцін Гарбуноў заявіў, што сур'ёзных парушэньняў падчас галасаваньня па выбарах у Маскоўскую гарадзкую думу не зафіксавана. Апазыцыя і незалежныя назіральнікі паведамілі аб назойлівых тэлефонных званках выбарцам у дзень выбараў, парушэньнях у ходзе хатняга галасаваньня, а таксама арганізацыю так званых «карусэляў», калі адны і тыя ж людзі галасуюць па некалькі разоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?