Сёлета ў Беларусі павінна быць пабудавана больш як 137 км лясных дарог, паведаміў на прэс-канферэнцыі 16 верасня міністр лясной гаспадаркі Міхаіл Амельяновіч. 

У наступным годзе плануецца пабудаваць 172 км. «Паводле рашэння кіраўніка дзяржавы штогод неабходна будаваць не менш як 100 кіламетраў, у апошнія гады мы гэта заданне перавышаем», — адзначыў Амельяновіч. За апошнія пяць гадоў пабудаваны 641 км дарог. 

Паводле слоў міністра, лясныя дарогі будуюцца для павелічэння аб'ёмаў нарыхтоўкі і мінімізацыі расходаў на транспарціроўку, уцягванне ў гаспадарчы абарот дадатковых аб'ёмаў ляснога фонду з цяжкадаступных участкаў. Дарогі дапамагаюць таксама хутчэй дабрацца да месцаў узгарання ў лесе. 

«На будаўніцтва выдзяляюццца значныя фінансавыя сродкі. Так, сёлета аб'ём інвестыцый складзе 161 млрд. рублёў. Каб пабудаваць 1 км дарог, трэба прыкладна 1 млрд. рублёў, таму што яны праходзяць у цяжкадаступных, багністых месцах і трэба праводзіць вялікі аб'ём будаўнічых работ. Калі параўноўваць з Фінляндыяй, то там кошт будаўніцтва дарог значна таннейшы. Там іншая глеба, няма такіх балот», — сказаў кіраўнік ведамства. 

Ён нагадаў, што па даручэнні прэзідэнта з 1 студзеня 2015 года будзе ўкараняцца вопыт вядзення лясной гаспадаркі Фінляндыі, якая з'яўляецца адной з вядучых лясных дзяржаў. «Мы чатыры гады вывучалі гэты вопыт. Лічым, што тыя тэхналогіі, якія ўкаранёныя фінскімі калегамі, ідэнтычныя нашым тэхналогіям, але мы адстаём па аб'ёмных паказчыках. Напрыклад, у Фінляндыі пры лесааднаўленні выкарыстоўваецца пасадачны матэрыял з закрытай каранёвай сістэмай, мы пакуль толькі пачынаем асвойваць гэтыя тэхналогіі. У нас для гэтага ёсць два цэнтры — у Мінску і ў Магілёўскім лясгасе. Каб выканаць задачу па выхадзе да 2020 года на 30% лесааднаўлення з выкарыстаннем саджанцаў з закрытай каранёвай сістэмай, нам трэба пабудаваць 23 тыс. квадратных метраў цяпліц і яшчэ чатыры аналагічныя лясныя цэнтры. Тады мы будзем у гэтым пытанні ісці нараўне з нашымі фінскімі калегамі», — адзначыў міністр.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?