Злётаў у тупінскую «грозную першапрастольную» (чаму ў двукоссі - ніжэй) на канферэнцыю па рэпрэсіях не толькі сталінскіх, арганізаваную нязломнымі калегамі з «Мемарыялу», па Тупіну - замежнымі агентамі. Наведаў Бутаўскі расстрэльны палігон, дзе за высачэзным некалі энкавэдысцкім плотам у трынаццаці шматметровых траншэях ляжаць у тры-чатыры шэрагі не менш за дваццаць тысяч нявінна забітых. Сярод іх сотні беларусаў: вайскоўцы, інжынеры, гісторыкі, літаратары, музыканты, педагогі, святары, студэнты, эканамісты … Убачыў апошні прычал некаторых з герояў сваіх кніг. Прадставіў, як іх нелюдзі на смерць гналі.

Гаварыў пра Бутава, а думалася пра Курапаты. Выступіў з ініцыятывай ідэнтыфікаваць кожную костачку бо навука цяпер гэта дазваляе. Пайменныя спісы складзеныя, нашчадкаў пры даваенных шматдзетных сем'ях шанец знайсці немалы, геном вызначыць праблем не складае ўжо і па цане, што ўпала за апошні дзясятак гадоў ад мільёна «амерыканскіх» у некалькі тысяч разоў. Прапанаваў паставіць кожнаму з расстраляных тут жа ці на радзіме помнік.

У адказ — ціхі здзіўлены шум. Глядзелі як на марсіяніна. Але гэта не здзівіла. Магчыма, на Марс паляцім раней, чым продкаў годна пахаваем.

Здзівіла іншае. Такі ж шэпт на вуліцах (у вечных рамонтах), у крамах (і ўзлёт па цане мяса хлопцаў не ўзбудзіў), змантаваных на хуткую руку напаўадкрытых (курэнне забаронена - штраф 30-50 у.а.) кавярнях (толькі праводзяць поглядамі «неграў», якія бегаюць вакол з тачкамі, гружанымі цаглінамі) і нават на вакзалах (і куды падзелася тутейшае: «Ты чо, куда лезешь, с…а?» - «Чо-чо? А через плечо, п … р!»).

Дзівосна - пакуль у Кіеве шум і гоман, Масква прыціхла (ладна б у цэрквах, якія тут у многіх кварталах цяпер ледзь не ў кожным дворыку затаіліся). Нахабныя і бязмежна хлуслівыя прамовы Тупіна (а памятаеце, як у першы год уладарання заікаўся і збянтэжана вочкамі паркецінкі лічыў?) ляцяць толькі з экрана (праўда, там, куды я заходзіў, гук у іх быў зноў жа прыглушаны).

ТУПІН І ЯГО КРЫМ-НАШЫСТЫ ШЫПЯЦЬ НА ЧУЖЫХ, А БАЯЦЦА, ЦІХАРАЦЦА СВАЕ.

Магчыма, гэта зацішша перад бурай.

Цікава, той, які спрабуе перафарматаваць сябе ў гісторыі з карупцыянера ў імперыяліста, скончыць, як Мусаліні ці як яго сябар на літару Г.?

* * *

Леанід Маракоў

публіцыст, літаратар, даследчык сталінскіх рэпрэсій.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?