fcbate.by
У сераду, 17 верасня, БАТЭ стартуе ў групавым раўндзе футбольнай Лігі чэмпіёнаў. Першы матч барысаўскі клуб правядзе ў гасцях супраць партугальскага «Порту».
Пачатак гульні ў 21:45, яе пакажа ў жывым эфіры тэлеканал «Беларусь-2».
У аўторак у прэс-цэнтры «Эштадыу ду Драган» у Порту адбылася прэс-канферэнцыя прадстаўнікоў беларускай каманды, паведамляе сайт БАТЭ.
Амаль усе пытанні былі адрасаваныя мясцовымі журналістамі галоўнаму трэнеру «жоўта-сініх» Аляксандру Ермаковічу.
«Порту» — вельмі моцны клуб, не так даўно выйграваў Лігу чэмпіёнаў і Лігу Еўропы. Аднак мы разлічваем дамагчыся спрыяльнага для сябе выніку, — сказаў Ермаковіч. — Мы не прыехалі сюды загадзя саступаць. Поўныя рашучасці даць бой знакамітаму суперніку.
— У вас ёсць футбалісты калібру Джэксана Марцінеса [зорка №2 зборнай Калумбіі], на якіх вы асабліва разлічваеце?
- З пункту гледжання трансфернага кошту такога гульца ў БАТЭ няма. Але ў нас добрая каманда — і мы разлічваем на яе ў цэлым.
— Каго з футбалістаў «Порту» вы больш за ўсё баіцеся?
— Мы паважаем саперніка, але нікога не баімся.
Форвард БАТЭ Віталь Радзівонаў дадаў: «Усе гульцы БАТЭ выйдуць заўтра на поле з верай ва ўласныя сілы. Разлічваем на станоўчы для сябе зыход. Мы прыляцелі ў Партугалію з жаданнем парадаваць сваіх заўзятараў».