17 верасня 1939 года, 75 гадоў таму, савецкія войскі ўвайшлі ў Заходнюю Беларусь. СССР падзяліў Усходнюю Еўропу з гітлераўскай Германіяй. Але для беларусаў і ўкраінцаў гэта парадаксальна азначала ўз’яднанне, гістарычны шанец. У гісторыі не бывае простых шляхоў.

Гісторык Анатоль Вялікі аналізуе некаторыя раней невядомыя дакументы той пераломнай эпохі — пра механізмы дзеяння савецкіх спецслужбаў.

1 верасня 1939 года Сталін правёў нараду з кіраўніцтвам Чырвонай арміі і НКВД, на якой абмяркоўвалася сітуацыя ў Польшчы. А 8 верасня наркам унутраных спраў Савецкага Саюза Л. Берыя падпісаў загад аб стварэнні пяці аператыўна-чэкісцкіх груп (АЧГ) — па 50—70 чалавек у Кіеўскай і па 40—55 чалавек у Беларускай вайсковых акругах. Кожнай групе прыдавалася па адным батальёне, 300 салдат, з памежных войскаў.

15 верасня дырэктывай саюзнага НКВД вызначаліся іх задачы. На гэтыя групы ўскладвалася арганізацыя часовых упраўленняў у занятых гарадах. АЧГ мелі заняць усе ўстановы сувязі (тэлеграф, тэлефон, радыё, пошту); памяшканні ўсіх дзяржаўных і прыватных банкаў, усіх сховішчаў каштоўнасцей; архівы (асабліва архівы спецслужбаў); турмы, вызваліўшы з-пад варты ўсіх палітычных арыштаваных, астатніх утрымліваць пад надзейнай аховай; тыпаграфіі, рэдакцыі газет. Адначасова ім адразу ставілася задача арыштаваць «контррэвалюцыйныя элементы». Належала таксама канфіскоўваць у людзей радыёпрымачы, зброю.

У рэальнасці дзесяці аперчэкгруп аказалася замала.

18 верасня кіраўнік беларускага НКВД Цанава і Бачкоў (старшы маёр дзяржбяспекі, начальнік Галоўнага ўпраўлення дзяржаўнай бяспекі НКВД СССР, які з верасня 1939 г. каардынаваў дзейнасць АЧГ у Беларусі) дакладвалі Берыю аб арганізацыі працы часовых упраўленняў у Дзісне, Глыбокім, Вілейцы, Маладзечне, Валожыне, Стоўбцах. Па меры прасоўвання савецкіх войскаў паўсталі аперчэкгрупы ў Радашкавічах, Навагрудку, Ваўкавыску, Клецку. 20 верасня — у Свянцянах і Вільні. Надалей АЧГ былі створаны і ў іншых гарадах Заходняй Беларусі.

Арышты «контррэвалюцыйных элементаў» пачаліся літаральна з першых дзён. 

З першага дня вызначыўся Вячаслаў Грыднеў, кіраўнік АЧГ у Ваўкавыску, які 18 верасня 1939 г. у Нясвіжы «узяў князя Радзівіла і яго атачэнне — каля 30 чалавек». У Вільні адзначыўся начальнік агентурнага аддзялення Віленскай апергрупы Георгій Аксюцін, які «асабіста высачыў і арыштаваў зацятых контррэвалюцыянераў — братоў Пілсудскіх. Пілсудскага Яна, былога міністра фінансаў, і Пілсудскага Казіміра, былога міністра грамадскіх работ».

Але гэта быў толькі пачатак. «Контррэвалюцыйных элементаў» спачатку арыштоўвалі дзясяткамі, пасля сотнямі, а пасля і тысячамі.

У лік іх папала і беларуская інтэлігенцыя. Віленскай АЧГ на пачатку кастрычніка быў арыштаваны Уладзімір Самойла, а 13 кастрычніка — Антон Луцкевіч.

Па стане на 22 кастрычніка «было арыштавана 4315 чалавек.

З іх: буйных прадстаўнікоў памешчыкаў, князёў, дваран і капіталістаў, якія падазраваліся ў шпіянажы, — 500 чалавек; рэакцыйных прадстаўнікоў урадавай адміністрацыі: а) ваявод, стараст, намеснікаў ваявод і стараст, бурмістраў і іх бліжэйшых памочнікаў — 401; б) кіраўнікоў мясцовых органаў паліцыі, жандармерыі, пагранічнай аховы і 2-га аддзела польгенштаба — 716; кіраўнікоў і актыўных членаў контррэвалюцыйных партый — 640; бандытаў — 125; агентаў польскай разведкі і правакатараў — 512; белагвардзейцаў, удзельнікаў белагвардзейскіх манархічных арганізацый — 28; агентаў паліцыі і жандармерыі — 595; агентаў германскай разведкі — 3; асаднікаў, якія звязаны з польразведкай, — 117; абвінавачваных у шпіянажы — 323; іншы контррэвалюцыйны элемент — 265».

Для польскага грамадства ўваход Чырвонай Арміі быў нечаканасцю.

Польская разведка палічыла перамяшчэнні савецкіх войскаў на пачатку верасня зразумелай рэакцыяй Савецкага Саюза на пачатак вайны ў Еўропе. Таму ніхто з «польскай буржуазіі» не кінуўся наўцёкі ад небяспекі з усходу. Між тым НКВД БССР задоўга да верасня 1939-га пачаў складаць спісы тых, каго трэба «изъять». Гэтую работу ў 2-м аддзеле НКВД БССР узначальваў капітан А.Сяргееў, які «яшчэ да ўступлення часцей РСЧА на тэрыторыю Заходняй Беларусі праявіў вялікую ініцыятыву і энергію ў падборы матэрыялаў на контррэвалюцыйны элемент Заходняй Беларусі».

НКВД меў на тэрыторыі Заходняй Беларусі разгалінаваную агентурную сетку.

А таксама НКВД ведаў цану архівам. Так, у Вільні былі захоплены амаль поўнасцю ўсе архівы польскіх спецслужбаў.

Іх спешна, не паспеўшы як след разабраць, пагрузілі ў вагоны і перавезлі ў Вілейку, бо 10 кастрычніка Вільню перадалі літоўцам. 

Праца з польскімі архівамі была метадычная. Так, па стане на май 1941 г. супрацоўнікамі архіўнага ўпраўлення НКВД па Брэсцкай вобласці было складзена «57 856 картак на контррэвалюцыйны элемент, на 9097 агентаў і афіцыйных супрацоўнікаў агентуры, дэфензівы, тайнай палітычнай паліцыі і іншых разведак, 13 345 канфідэнтаў-інфарматараў, 4000 канфідэнтаў-правакатараў, 35 000 супрацоўнікаў дзяржпаліцыі Палескага і іншых ваяводстваў і 27 635 кіраўнікоў і членаў фашысцкіх і белагвардзейскіх палітычных партый, саюзаў і таварыстваў».

Агульную колькасць усёй картатэкі, якая мелася ў архіўным аддзеле ўпраўлення НКВД па Брэсцкай вобласці, складала 220 086 картак! Вядома, столькі агентаў польская паліцыя мець не магла.

У Беластоцкім упраўленні НКВД была складзена картатэка аж на 350 тысяч так званых «падазроных асоб». І так ва ўсіх заходніх абласцях.

Мабільныя, «заточаныя» выключна на выкананне канкрэтных задач, з шырокімі паўнамоцтвамі, на заплеччы Чырвонай арміі, аперчэкгрупы выканалі свае маштабныя задачы.

89 афіцэраў і сяржантаў НКВД атрымалі высокія ўрадавыя ўзнагароды «за выкананне спецыяльных заданняў» на тэрыторыі Заходняй Беларусі.

Аператыўна-чэкісцкія групы перасталі існаваць 2 лістапада 1939 г., калі Берыя выдаў загад №001337 «Аб стварэнні органаў НКВД Заходняй Беларусі», у адпаведнасці з якім былі створаны Упраўленні НКВД па Беластоцкай, Навагрудскай (13 снежня была перайменаваная ў Баранавіцкую), Пінскай і Вілейскай абласцях. 29 лістапада было створана Упраўленне НКВД па Брэсцкай вобласці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0