У Рэдакцыю звярнуўся супрацоўнік Мінскага аўтазавода. Сітуацыя на прадпрыемстве ўсё горшае. У жніўні вялікую частку падраздзяленняў перавялі на трохдзённы рэжым працы.

«Напішыце пра гэта! — просіць ён. — Пакінулі толькі аўтобусную вытворчасць і некаторых вузкіх спецыялістаў на іншых месцах, і ўсё на гэтым. Астатнія — дома, — расказвае наш суразмоўца. — Так адбывалася ўвесь жнівень. У чацвер прыносіцца загад аб тым, што пятніца аб’яўляецца непрацоўным днём. Пасля да пятніцы далучыўся яшчэ і чацвер. У сераду прынеслі загад — у чацвер не працуем».

Варта адзначыць, што гэтыя прастоі сумленна аплачваюцца — людзі атрымліваюць 2/3 акладу. Але прэмію атрымліваюць толькі рабочыя. Тэхнічным работнікам яе не даюць.

Мы пазванілі на завод. З намі пагаварыў намеснік камерцыйнага дырэктара Сяргей Захарэвіч. Па яго словах, прадпрыемства працуе, зыходзячы з колькасці замоваў і аптымальнага размеркавання працоўнага часу. Так, праблемы ёсць, але ж, падкрэслівае ён, пяць дзён на тыдзень працуе больш за палову падраздзяленняў.

Ад сябе дадамо, што заканадаўства прадпрыемствам не парушаецца. Нашто выпускаць прадукцыю, на якую няма попыту? Гэта права завода — вырашаць, калі і колькі працаваць.

І, тым не менш, сітуацыя — трывожны званочак адносна перспектываў беларускага машынабудавання ў складзе Еўразійскага саюза.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?