Беларусь гатова абмяркоўваць палітычныя і эканамічныя пытанні з Еўрасаюзам і Злучанымі Штатамі Амерыкі, заявіў намеснік міністра замежных спраў Аляксандр Гур`янаў 17 верасня на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

«Я магу сказаць, што адносіны з партнёрамі ў нашым рэгіёне заўсёды дынамічна развіваліся. На жаль, з нашымі партнёрамі на Захадзе эканамічнае супрацоўніцтва і практычнае ўзаемадзеянне часам натыкаліся на перашкоды ў выглядзе палітычнай пазіцыі. І сёння можна сказаць, што нашы адносіны з Еўрапейскім саюзам, найбліжэйшымі суседзямі з ЕС, са Злучанымі Штатамі знаходзяцца ў дынаміцы», — сказаў ён. 

Паводле слоў Гур`янава, «дыялог — гэта самае галоўнае, што дае магчымасць вырашаць пытанні і рухаць працэсы, улічваючы ўзаемныя інтарэсы». «Мы неаднаразова падкрэслівалі, што эканоміка і ў цэлым сацыяльна-эканамічнае развіццё для Беларусі — гэта прыярытэт. Таму засяроджваць увагу выключна на палітычных працэсах не ў інтарэсах нашай краіны», — сказаў ён. 

Гур`янаў адзначыў, што, «на шчасце, сёння разуменне пэўнае настае ў частцы таго, што Беларусь гатова абмяркоўваць і палітычныя пытанні, якія цікавяць нашых заходніх калегаў, але і паралельна рухаць эканамічныя праекты, якія цікавіць бізнес». 

Намеснік міністра таксама сказаў, што «сітуацыя ва Украіне для нашай краіны вельмі блізкая з пункту гледжання, што гэта суседзі, і мы не хацелі б бачыць нейкія далейшыя ўскладненні». 

«Мы не хацелі б, каб хтосьці гаварыў, што ўскладненне становішча ва Украіне нейкім чынам выкарыстоўваецца Рэспублікай Беларусь для ўласнага пазіцыянавання. Тут мы кажам пра тое, што ўсё спазнаецца ў параўнанні. І пэўная палітычная стабільнасць, і стабільнасць працэсаў у краіне дае падставы гаварыць бізнесу, дзе лепш працаваць», — адзначыў ён. 

Нагадаем, намеснік міністра замежных спраў Аляксандр Гур`янаў сустракаўся 9 верасня ў МЗС з міжведамаснай дэлегацыяй ЗША, якая знаходзілася ў Мінску з 8 па 11 верасня. 

Па выніках гэтага візіту намеснік памочніка дзяржсакратара ЗША па пытаннях дэмакратыі, правоў чалавека і працы Томас Меліа заявіў, што пытанне палітзняволеных па-ранейшаму застаецца перашкодай на шляху супрацоўніцтва паміж Беларуссю і ЗША. Паводле яго слоў, пытанне пра палітзняволеных узнімалася падчас сустрэчы міжведамаснай урадавай дэлегацыі ЗША ў МЗС Беларусі. 

У Нью-Ёрку 22 верасня ўпершыню пройдзе Беларуска-амерыканскі інвестыцыйны форум.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?