Будаўнічыя работы ў Кітайска-беларускім індустрыяльным парку неабходна пачаць ужо ў 2014 годзе. Аб гэтым заявіў сёння прэм'ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч на сустрэчы з прадстаўнікамі кітайскай карпарацыі інжынірынгу САМСЕ.

Прэм'ер-міністр адзначыў, што праведзена значная работа: падрыхтаваны генеральны план, праект дэталёвага планавання першай чаргі будаўніцтва, заканчваецца праектаванне інжынернай і транспартнай інфраструктуры стартавай пляцоўкі. Міхаіл Мясніковіч падкрэсліў, што будаўнічыя работы неабходна пачаць ужо ў гэтым годзе, паралельна з праектаваннем.

Кітайскія партнёры высока ацанілі ўзровень узаемадзеяння бакоў у рэалізацыі праекта па будаўніцтве парка. На думку прадстаўнікоў карпарацыі, нягледзячы на ўсе складанасці, праект будзе паспяхова рэалізаваны і стане прыкладам беларуска-кітайскага супрацоўніцтва.

На сустрэчы падрабязна абмеркаваны пытанні фінансавання будаўніцтва парка, актыўнага прыцягнення рэзідэнтаў і стварэння на яго пляцоўцы высокатэхналагічных, інавацыйных вытворчасцей. Прэм'ер-міністр выказаў агульнае меркаванне ўдзельнікаў сустрэчы — праект па будаўніцтве індустрыяльнага парка павінен быць рэалізаваны якасна і хутка.

Кітайская карпарацыя інжынірынгу САМСЕ (China CAMC Engineering Co.) выступае сузаснавальнікам кампаніі па развіцці Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка. САМСЕ спецыялізуецца на генеральным падрадзе міжнародных праектаў. Сфера яе дзейнасці даволі шырокая. Гэта транспарціроўка, муніцыпальнае будаўніцтва, электраэнергетычныя праекты, праекты ў нафтахімічнай галіне і інш. Кампаніяй рэалізаваны дзясяткі буйных міжнародных праектаў пад ключ, а таксама праектаў па імпарце і экспарце камплектнага абсталявання.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?