Японская кампанія Furukawa Battery стварыла электрычны акумулятар, які працуе з выкарыстаннем простай вады.
Ад акумулятара, які назвалі Mg Box, можна зараджаць смартфоны і надалоннікі. Паводле заявы кампаніі, навінка з'явіцца ў продажы ў сярэдзіне снежня. Кошт аднаго акумулятара складзе прыкладна 10 тыс. іен ($93 па бягучым курсе).
Для паўнавартаснай працы прылады ў яе дастаткова заліць два літры вады, прычым вада можа быць як прэсная, так і марская. Акумулятар здольны генераваць электраэнергію на працягу пяці дзён. За гэты прамежак часу можна будзе цалкам зарадзіць тэлефон каля 30 разоў.
У распрацоўцы японскіх спецыялістаў задзейнічана сістэма, заснаваная на ўзаемадзеянні магнію, вады і кіслароду, пры якім выпрацоўваецца электраэнергія. У кампаніі ўпэўненыя, што іх распрацоўка будзе найбольш карысная ва ўмовах стыхійнага бедства.