Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла прывітала прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнку ў Атаве ў часе наведваньня ім канадскага парлямэнту.

Кіраўнік Ўкраіны наведаў Канаду перад візытам у Злучаныя Штаты, і пасьля выступу ў парлямэнце яго прывіталі прадстаўнікі дыяспар. Першай слова было дадзена старшыні Рады БНР Івонцы Сурвіле, якую радыё «Свабода» папрасіла распавесьці пра сустрэчу.

Сурвіла: «Для ўкраінцаў гэта была вялікая падзея і думаю, што і для самога прэзыдэнта, якога прынялі вельмі цёпла. Зрабілі гэта вельмі ўрачыста, было шмат людзей, шмат сьцягоў перад парлямэнтам, і сярод іх — наш бел-чырвона-белы. Пасьля прамовы Парашэнкі ў парлямэнце прадстаўнікоў дыяспараў запрасілі сказаць пару слоў, між іншым, мяне таксама. Я прывітала яго ў Канадзе і падзякавала ўкраінскаму народу за змаганьне, якое важнае таксама для Беларусі. Гаварыў прадстаўнік Эстоніі, вельмі добра выступіў прадстаўнік крымскіх татараў, які сказаў, што Крым будзе заўсёды ўкраінскім. Што я заўважыла — і гэта тычыцца ня толькі сустрэчы з Парашэнкам — ўкраінцы адсунулі ў бок усе свае спрэчкі і сваркі, і цяпер адчуваецца абсалютная згода і супрацоўніцтва між сабой».

Івонка Сурвіла таксама перадала прэзыдэнту Пятру Парашэнку нядаўнюю Заяву Рады БНР ў справе Ўкраіны.

Тэкст выступу Старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы на ўрачыстасьці з нагноды візыту прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі:

Спадару Прэзыдэнт,

Я шчасьлівая Вітаць Вас у гэтай цудоўнай краіне ад імя маіх суродзічаў-беларусаў.

Ад імя Рады Беларускай Народнай Рэспублікі ў выгнаньні, хацела б выказаць нашую салідарнасць і нашу падтрымку народу, ураду і вайсковаму камандаваньню Ўкраіны, якія абараняюць ня толькі сваю зямлю, але і нашыя супольныя каштоўнасьці ад брутальнага агрэсара.

Мы ўдзячныя Канадзе за падтрымку Ўкраіны і заклікаем міжнародную супольнасьць аказаць усю магчымую дапамогу гэтай гераічнай нацыі. Мы разумеем, што наша будучыня таксама залежыць і ад таго, ці вытрымае Ўкраіна выпрабаваньні. Мы дзякуем народу Ўкраіны і жадаем вам посьпехаў.

Жыве Беларусь!

Слава Ўкраіне!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0