Он-ляйн канфэрэнцыя галоўнага герарха адной з вядучых царкоўных канфэсій – гэта пакуль што зьява незвычайная ў Беларусі. Так што архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч пакуль цалкам ідзе у рэчышчы зьвязаных зь ім чаканьняў.

Зразумела, пытаньні ўсё ж нашмат больш вострыя, чым адказы. Ды й дзіўна, калі б было наадварот – у адрозьненьні ад тых людзей, што задавалі пытаньні, ён асоба адказная і ягонае неасьцярожнае слова можа адазвацца па ўсякаму, тым больш у нашай краіне.

Але радуе той факт, што, як здаецца, ні воднае пытаньне не было адкінутае. Тым больш, што хто там ведае, было такое пытаньне ці не.

І што цікава, атрымліваецца, што самі гэтыя пытаньні, добра вядомыя нам па спрэчкам у інтэрнэце, раптам набылі такім чынам зусім іншы статус. Яны міжвольна пачынаюць гучаць куды больш значна, чым проста нейкія меркаваньні, раскіданыя на шматлікіх старонках інэту.

Так што не бяруся судзіць аб адказах. Дзякуй і тое, што прагучалі пытаньні. Думаецца, што гэта будзе працягвацца далей.. Кандрусевіч будзе падтрымліваць сваю рэпутацыю адкрытага для сродкаў інфармацыі чалавека. Пры гэтым і далей наўрад ён скажа нешта такое незвычайнае. Будуць тыя ж акруглыя адказы ў стылі “і нашым, і вашым”.. Але ж будуць гучаць пытаньні, праз яго будуць яны гучаць. І мы ніколі можа не даведаемся, ці рабіў ён гэта асэнсавана, ці ён міжвольна стаў такім свайго роду прыладам у руках Божых.

Але як шчасьлівыя тыя, каго Бог абраў у якасьці прыладу Свайго!

Мне, як праваслаўнаму, толькі хацелася б, каб з той жа адкрытасьцю выступалі і праваслаўныя герархі. Можа хто зь эпіскапаў адважыцца на гэткаю ж он-ляйн канфэрэнцыю? Зноў жа паўтараю, няхай нават будуць ня такія ўжо значныя адказы, але дайце ж нам задаць пытаньні. Само пытаньне дае накірунак і дае надзею. Мне здаецца, што мёртвая супольнасьць не тая, якая разрываецца ад унутраных недахопаў, хваробаў ці нават парокаў. Калі гучыць пытаньне, працягваецца жыцьцё. Калі пытаньняў няма, то як там усё не выглядае лагодна – гэта сьмерць. Калі мяне тут пытаюць, што гэта я так прывязаўся да праваслаўя (пры чым канкрэтнаму сучаснаму праваслаўю), я магу так і адказаць – мяне шмат што не задавальняе, шмат што нават прыводзіць у адчай, але я чую, што пытаньні гучаць, гучаць дастаткова, каб гэта было бясспрэчна для царкоўнага чалавека.

Але, на жаль, чамусьці лічыцца, што гэтыя пытаньні, сам факт іх існаваньня можа “спакусіць”, “адштурхнуць” і гэтак далей…

А мне здаецца, што як раз наадварот. Няхай гучаць пытаньні! Можа ад гэтага страціцца шмат ілюзій, але затое будзе бясспрэчна – перад намі хворы, але жывы чалавек, а не зьнешне ўпрыгожаны, але мёртвы труп.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0