Мытныя органы Беларусі распачынаюць усе неабходныя меры для прадухілення транзіту тавараў, забароненых да ўвозу ў Расійскую Федэрацыю ў сувязі з уведзенымі ёю санкцыямі. Пра гэта заявіў намеснік старшыні ДМК Сяргей Полудзень. 

У прыватнасці, паводле яго слоў, беларускія мытнікі кантралююць не толькі звесткі ў дакументах, але і выбарачна фактычную адпаведнасць грузу заяўленаму ў дакументах, а ў некаторых выпадках ужываюць мытнае суправаджэнне тавараў. 

Пры гэтым пастаўкі з-за мяжы на ўнутраны рынак Беларусі мясной, рыбнай, малочнай, плодаагародніннай прадукцыі ажыццяўляюцца без змяненняў. 

У ДМК таксама звяртаюць увагу, што беларускія перапрацоўшчыкі ажыццяўляюць рээкспарт еўрапейскага харчавання ў Расію на законных падставах. У прыватнасці, як адзначыў Сяргей Полудзень, прадукцыя з Еўропы, якая трапіла пад расійскія санкцыі, можа быць пастаўленая ў Беларусь, перапрацаваная тут і далей пастаўленая на рынак Расіі. «Гэта законныя мерапрыемствы. Тут пытанні кантралююць у тым ліку нашы ветэрынарныя, фітасанітарныя службы», — падкрэсліў намеснік кіраўніка ДМК. 

Як паведамлялася раней, пры адміністраванні транзітных патокаў у Расію беларускія мытнікі выконваюць асобныя запыты расійскіх мытных органаў, у тым ліку ў дачыненні да тавараў, забароненых да ўвозу ў Расійскую Федэрацыю. 

Па ўзгадненні з Федэральнай мытнай службай прымаюцца рашэнні аб формах мытнага кантролю, магчымасці далейшага перамяшчэння тавараў у Расійскую Федэрацыю або вяртання на сумежную тэрыторыю. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?