Мінгарвыканкам накіраваў у канцэрн «Беллегпрам» ліст пад грыфам «ДСП» з вельмі незвычайнымі ўказаннямі.

Не будзем цытаваць увесь дакумент даслоўна, зазначым толькі, што канцэрну «Беллегпрам» прадпісваецца забяспечыць правядзенне ў самы бліжэйшы час пасяджэння назіральнага савета СП ЗАТ «Мілавіца», «для абмеркавання механізму ўваходжання Мінгарвыканкама ў склад удзельнікаў таварыства». Пры гэтым у дакуменце ідзе спасылка на адпаведнае даручэнне прэм'ер-міністра Міхаіла Мясніковіча, піша «Ежедневник»

У Мінгарвыканкаме ўжо пацвердзілі, што дакумент рэальны, хоць і гучыць трохі фантастычна, асабліва з пастаўленым грыфам «ДСК».

Яшчэ больш фантастычна гэта выглядае ў святле таго, што як раз 17 верасня СП ЗАТ «Мілавіца» прадставіла першы ў лёгкай прамысловасці Беларусі лагістычны цэнтр. Як заявіла на адкрыцці цэнтра начальніца ўпраўлення каардынацыі развіцця трыкатажнай і швейнай галін канцэрна «Беллегпрам» Алена Кухарава, «Мілавіца» — гэта прадпрыемства, якое заўсёды дынамічна развіваецца, гэта заўсёды інавацыйныя тэхналогіі».

«Мілавіца» заўсёды на паўкроку ідзе наперадзе астатніх. Гэта прадпрыемства, якое мае самую высокую заработную плату ў лёгкай прамысловасці. Сёння яно прадстаўляе свой праект у галіне лагістыкі. Гэта першы і пакуль адзіны падобны праект у лёгкай прамысловасці Беларусі», — урачыста сказала Алена Кухарава.

Паводле звестак канцэрна «Беллегпрам», «Мілавіца» ў аб'ёме вытворчасці канцэрна займае каля 9%, паводле аб'ёму экспарту — каля 12%. Прырост чыстага прыбытку прадпрыемства паводле вынікаў 8 месяцаў 2014 склаў 22,7% да аналагічнага перыяду 2013 года. «Гэта вельмі добрыя і вельмі вялікія лічбы», — канстатавала Алена Кухарава.

У святле ўсіх гэтых звестак дзеянні беларускіх уладаў, якія пачалі сакрэтную аперацыю па нацыяналізацыі паспяховага прадпрыемства, незразумелыя і ў вышэйшай ступені нелагічныя.

Толькі на днях дзяржава прадала за 39 млрд рублёў свой пакет акцый у ААТ «Берасцейскі панчошны камбінат» прыватнаму прадпрыемству СТАА «Контэ СПА», а тут раптам наважыла ў рэжыме сакрэтнасці вярнуць пад кантроль «Мілавіцу» і, мякка кажучы, пакрыўдзіць буйных замежных інвестараў. Бо асноўным уладальнікам «Мілавіцы» з'яўляецца кампанія Silvano Fashion Group (SFG), чые акцыі каціруюцца на Талінскай і Варшаўскай біржах. Там ужо каля 2 тысяч акцыянераў, сярод якіх польскія пенсійныя і інвестыцыйныя фонды, а таксама кліенты шэрагу буйных еўрапейскіх банкаў. Гэта ўжо не проста аднаго замежнага бізнэсоўца пакрыўдзіць, а куды больш сур'ёзна.

У Мінгарвыканкаме, які накіраваў у канцэрн сакрэтнае распараджэнне, таксама не змаглі патлумачыць, навошта дзяржаве браць пад кантроль прадпрыемства, якое паспяхова развіваецца. «Вы што, хочаце, каб мы чакалі, калі там усё абрынецца?» — задалі там сустрэчнае пытанне.

Чаму «там павінна ўсё абрынуцца», калі канцэрн называе «Мілавіцу» лідарам галіны, які на паўкроку ідзе наперадзе ўсіх астатніх, у Мінгарвыканкаме таксама не растлумачылі. Замест адказу зноў загучала сустрэчнае пытанне: «А вы можаце даць гарантыі, што так не адбудзецца?»

Іншымі словамі, дзяржава наважыла ўзяць пад кантроль «Мілавіцу» проста так, на ўсялякі выпадак, каб, не дай Бог, там чагосьці не адбылося.

У святле ўсёй гэтай інфармацыі, вельмі малаверагодна, што ўвесь гэты сакрэтны праект у нацыяналізацыі «Мілавіцы» сапраўды мае на мэце абарону дзяржаўных інтарэсаў. Дзяржава ад гэтага не атрымае нічога, а вось страціць вельмі многае. Хутчэй за ўсё, гэта праект нейкага канкрэтнага чыноўніка, які вядзе ўласную гульню, прыкрываючыся дзяржаўнымі інтарэсамі.

Старшыня праўлення Silvano Fashion Group (SFG) Мэрт Меэрытс і генеральны дырэктар СП ЗАТ «Мілавіца» Нормунд Азалінш пакуль ніяк не каментуюць сітуацыю. Яны нават не пацвярджаюць (але і не зняпраўджваюць) наяўнасць сакрэтнага распараджэння Мінгарвыканкама. Аднак, мяркуючы па іх нервовай рэакцыі на пытанне, яны ўжо ведаюць пра распачаты працэс нацыяналізацыі паспяховага беларускага прадпрыемства. Па ўсёй бачнасці, SFG пакуль не хоча спальваць за сабой масты і спрабуе развязаць пытанне дыпламатычнымі спосабамі.

Але, як паведамілі ў Мінгарвыканкаме, працэс нацыяналізацыі ўжо ідзе поўным ходам.

Для гэта будзе задзейнічаны механізм Указа прэзідэнта №677 ад 16 лістапада 2006, у які ў 2011 годзе былі ўнесены істотныя змены, якія даюць Мінгарвыканкаму пераважнае права на набыццё акцый (доляў у статутных фондах) гаспадарчых таварыстваў, уключаных у пералік юрыдычных асоб, якія забяспечваюць функцыянаванне стратэгічна значных галін эканомікі. Улічваючы, што Мінгарвыканкам цяпер у рэжыме строгай сакрэтнасці спрабуе дамовіцца з якімі-небудзь мінарытарнымі акцыянерамі аб куплі акцый СП ЗАТ «Мілавіца», можна меркаваць, што нават FSG пра гэта не ведае. Дзяржаве галоўнае ўвайсці ў склад удзельнікаў, а потым нарасціць сваю долю будзе дастаткова проста. Але зноў жа незразумелыя матывы ўсіх гэтых дзеянняў.

У Беларусі ўжо не раз бывалі сітуацыі, калі дзяржава брала пад кантроль праблемныя прадпрыемствы, але гэтыя дзеянні хоць і выклікалі абурэнне задзейнічанымі механізмамі, усё ж былі збольшага зразумелыя. Аднак «Мілавіца» як раз не праблемнае прадпрыемства, а лідар галіны і гонар краіны. Менавіта таму сакрэтная аперацыя больш падобная на спробу рэйдарскага захопу, чым на рэальны клопат дзяржавы пра лёс знакамітага беларускага прадпрыемства. Засталося толькі зразумець, хто кіруе ўсім гэтым працэсам?

Бо справа нават не ў тым, ці ўвойдзе ў склад СП ЗАТ «Мілавіца» Мінгарвыканкам ці не.

Сам факт, што дзяржава без якіх-небудзь сур'ёзных падстаў, проста на ўсялякі выпадак, уваходзіць у акцыянерны капітал прыватнага прадпрыемства з замежнымі інвестыцыямі, будзе красамоўна сведчыць пра тое, што ў краіне больш не дзейнічаюць ніякія гарантыі захавання правоў уласнасці.

Дзяржава проста пяройдзе рысу, за якой ёй больш ніхто ніколі не паверыць. Нават знакамітая Дырэктыва прэзідэнта №4, у п.2.1 якой сказана «гарантаваць добрасумленным набытчыкам маёмасці захаванне правоў уласнасці і карыстання гэтай маёмасцю», страціць сваю вагу.

У такой сітуацыі страты краіны будзе складана нават прыблізна падлічыць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?