У Магілёве індывідуальныя прадпрымальнікі, якія гандлююць на Цэнтральным (Мінскім) рынку, паведамляюць, што міліцыя, АБЭЗ і падатковая інспекцыя правялі праверкі, якія прайшлі ў форме аблаў з адбіраннем тавару.

Як паведаміла БелаПАН гандлярка вінаградам, прадпрымальніца Вольга, у чацвер 18 верасня на рынак «у літаральным сэнсе наляцелі правяральшчыкі». «З усіх бакоў выбягалі хто ў цывільным, хто ў форме, падатковая, АБЭЗ, міліцыя. Прымусілі ўсіх выйсці з-за прылаўкаў. Ва ўсіх забралі дакументы», - распавяла жанчына.

Паводле яе слоў, былі перакрытыя ўсе ўваходы на рынак, пакупнікоў толькі выпускалі, але не ўпускалі на яго. «Незразумела, на якой падставе яны зачынялі рынак. У мяне ўсе дакументы ў парадку, але я не магла нічога прадаць у той дзень, паколькі рынак быў зачынены, нягледзячы на тое, што ў мяне ўсё выплачана», — кажа Вольга, паведаміўшы, што аблава працягвалася прыблізна з 11.30 да 16.00.

Прадпрымальніца Валянціна паведаміла, што прэтэнзіі правяральшчыкаў тычыліся накладных адносна месца гандлю на рынку. «Не было ўказана месца. Але гэта рынак, гэта вуліца, ня павільён. Тут можа быць сёння адно месца, а заўтра іншае», - сказала яна, адзначыўшы, што накладныя на набыццё тавару былі ў парадку ва ўсіх.

Прадпрымальнікі паведамілі, што міліцыя адмаўлялася пазначацьправерку ў наяўных у кожнага гандляра кнігах праверак. «Міліцыянты казалі, што паўнамоцтвы на праверку ёсць, а на запіс у кнізе праверак паўнамоцтваў няма. А для чаго тады кнігі?» - адзначалі гандляры.

Па іх словах, у многіх прадпрымальнікаў быў канфіскаваны тавар, які «везлі «Газелямі». Што будзе далей з таварам і з імі, гандляры ведаюць. «Нам сказалі, што патэлефануюць», - кажуць яны, адзначаючы, што чакаюць суда.

Гандляры сцвярджаюць, што падобная праверка ў выглядзе аблавы прайшла ўпершыню на Мінскім рынку. Яны не змаглі сказаць, якое ведамства стала ініцыятарам дадзенай акцыі, і хто канкрэтна ёю кіраваў.

Афіцыйных каментароў дадзенай сітуацыі пакуль не было.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?