Фота Сяргея Гудзіліна

Фота Сяргея Гудзіліна

«Калі прыйшоў час выбіраць, куды пайсці вучыцца, я проста тыкнула пальцам у газету, дзе была рэклама навучальных устаноў для паступлення. Выбар трапіў на Пінскі ўлікова-крэдытны тэхнікум. Туды і паступіла. Гэта сапраўды быў выбар наўздагад — мы ў вёсцы толкам і не ведалі, што такое банк», — шчыра прызнаецца цяперашняя галоўная банкірка краіны Надзея Ермакова.

Зрэшты, яе папярэднік Пятро Пракаповіч таксама апынуўся ў Нацбанку выпадкова — перад уступленнем на пасаду ён паўжыцця адпрацаваў у будаўніцтве.

Якія б заявы ні рабіла Ермакова, у памяці беларусаў яна застанецца сваім пасажам пра туфлі.

«Ну вось у мяне даляраў няма — і я не іду ў абменнік. Мне ён проста не патрэбны. У мяне ў 90-я не было і сёння няма. Так, абутак завозіцца імпартны, так, ён стане крыху даражэйшым, але нічога страшнага, зносім замест двух туфляў адны», — заявіла банкірка ў сярэдзіне 2011-га.

Невядома, ці дапамог ёй гэты гімн ашчаднасці, але неўзабаве пасля заявы Ермакову паставілі кіраваць Нацбанкам. А яшчэ праз пару месяцаў ёй удалося зрабіць тое, што не змог ніводзін іншы чыноўнік, апроч Пракаповіча, — атрымаць другі ўчастак зямлі каля Драздоў. Што эквівалентна статусу даляравай мільянеркі.

Прапануем гісторыю ўзлёту адной з прадстаўніц «шклоўскіх» чыноўнікаў, якія сталі беларускім феноменам сярэдзіны 1990-х.

З краю Беларусі

Надзея Ермакова (а тады проста Надзя Лупекіна) нарадзілася ў 1953 годзе ў вёсцы Разальмоў Хоцімскага раёна. Гэта самы край Беларусі. Далей толькі расійскія абшары. Але ніякага памежнага гандлю няма. У расійскіх ваколіцах няма больш-менш вялікіх населеных пунктаў. Зрэшты, як і дарог таксама.

Што такое Хоцімскі раён цяпер? Адзін з самых маленькіх рэгіёнаў краіны і па плошчы, і па насельніцтве.

За часы прэзідэнцтва Аляксандра Лукашэнкі раён «усох» з 18 тысяч чалавек да 11,5 тысячы.

Хоцімшчына балансуе на мяжы дзесяці найбяднейшых раёнаў краіны. Афіцыйны сярэдні заробак чыстымі не дацягвае нават да 3,9 мільёна рублёў. Дый і працаваць няма дзе: на ўвесь раён толькі адно прамысловае прадпрыемства — ільнозавод. Наедку з яго ніякага, за мінулы год чыстыя страты дасягнулі $265 тысяч.

Навошта гэтая даведка? Каб зразумець, што перспектыў перад хоцімскімі дзецьмі ніхто не маляваў ні тады, ні цяпер. Паказальны прыклад — у час дзяцінства Ермаковай у Разальмове нават не было электрычнасці.

І гэта не на закінутым хутары, а ў вёсцы на некалькі сотняў чалавек, цэнтры сельсавета! Будучай банкірцы даводзілася рабіць урокі пры лучыне.

Прыбытак ад шытва

Сям’я Лупекіных была простай. Бацька, Андрэй Іосіфавіч, працаваў электразваршчыкам. Ён адным з нямногіх у вёсцы стаў членам КПСС.

А вось маці, Людміла Аляксееўна, была рознарабочай у калгасе. Да сярэдзіны 1960-х у калгасах захоўвалася сістэма працадзён, таму сям’і даводзілася трымаць сваю гаспадарку. Але асноўны прыбытак ішоў ад шытва на замову. Банкірка хвалілася, што яе мама абшывала ўсю вёску. А пасля навучыла і дачок. Апроч Надзі, у Лупекіных была яшчэ малодшая Люба.

Надзя Лупекіна з мамай. Фота sb.by

Надзя Лупекіна з мамай. Фота sb.by

У пачатковую школу будучая банкірка хадзіла ў самім Разальмове, а вось сканчала яснапалянскую васьмігодку ў суседняй вёсцы. Прычым вучылася на выдатна. Тут жа праявілася яе актыўнасць — Лупекіна была сакратаром першаснай камсамольскай арганізацыі.

Вяртанне ў Хоцімск

Пасля заканчэння школы 15-гадовая дзяўчына вырвалася з Хоцімскага раёна і паступіла ў Пінскі ўлікова-крэдытны тэхнікум. Гэта той самы выпадковы выбар прафесіі, які ў будучыні дазволіў ёй выцягнуць шчаслівую карту. У адрозненне ад школы, дзе Лупекіна была выдатніцай, тут узровень яе ведаў быў далёкім ад лідараў.

У 1971-м дзяўчыне давялося вярнуцца ў Хоцімск.

Лупекіна пачала ўздым па кар’ернай лесвіцы ў мясцовым аддзяленні Беларускай рэспубліканскай канторы Дзяржбанка СССР. За восем гадоў удалося дарасці з пасады крэдытнага інспектара да пасады намесніцы кіраўніка. А заадно і атрымаць вышэйшую адукацыю. Банкірка завочна скончыла Наргас.

Аднак калі на працы ў Надзеі ўсё было паспяхова, то ў сямейным жыцці яе пераследавалі няўдачы.

Трагічнае каханне

20-гадовая Надзея падпрацоўвала на хоцімскай танцпляцоўцы, дзе і пазнаёмілася з Аркадзем Ермаковым. Прыгожы быў хлопец, але піў.

Гэта не ўнікальная з’ява, тым больш для хоцімскіх краёў. Нават сама Ермакова на пытанне пра стаўленне да алкаголю адказвала: «Магу і белае, і чырвонае, і гарэлку. Але рэдка і ў меру».

А вось Аркадзь піў не рэдка і не ў меру. Дзяўчына спадзявалася змяніць яго, ды ўсё марна. Не прызнавалі жаніха і яе бацькі. Але насуперак усяму маладыя пабраліся шлюбам. Вяселля не было. «Сышліся — і сышліся», — узгадвае сваячка Ермаковай Валянціна Лупекіна, якая дагэтуль жыве ў Розальмаве.

«У дзяцінстве мама заўсёды спявала. Калі я выйшла замуж, яна спяваць перастала. Назаўсёды. Была катэгарычна супраць майго шлюбу. І жыццё паказала, што яна мела рацыю», — прызнавалася Ермакова.

У 1975-м у маладой сям’і нарадзілася дачка Наталля. «Вельмі хутка наша жыццё ператварылася ў пекла. Пекла — не лепшае месца для дзіцяці, і нельга дазваляць сябе прыніжаць», — расказвала Ермакова. Нацярпеўшыся жахаў, яна адважылася ўцячы разам з маленькай дачкой.

У 1979-м Ермакова дамовілася аб пераводзе з Хоцімска ў Кіраўск на аналагічную пасаду — намесніка кіраўніка мясцовага аддзялення Дзяржбанка. Гэта больш за 250 км ад дома і ад бацькоў, але затое і ад былога мужа.

У Кіраўску Ермакова правяла чатыры гады, пасля чаго пайшла на павышэнне. У шклоўскім аддзяленні Дзяржбанка яна стала кіраўніцай.

Шклоўскі этап

У Шклове Ермакова затрымалася на 12 гадоў, прычым большасць часу працавала не банкіркай, а чыноўніцай.

Новы этап жыцця даў ёй лёсавызначальнае знаёмства — з дырэктарам саўгаса «Гарадзец» Аляксандрам Лукашэнкам. Стаўшы кіраўніком краіны, ён не забыўся пра шклоўскую фінансістку і ўзнёс яе да нечуваных вышыняў.

А сама Ермакова перацягнула ў Шклоў сям’ю. Цікава, што бацькі Надзеі пераязджалі ўслед за ёй і з Разальмова ў Хоцімск. Андрэй Іосіфавіч быў добрым цесляром, таму сам паставіў хату ў райцэнтры.

Пайшла на працу ў банк слядамі старэйшай і малодшая сястра. Па словах сваякоў у Розальмаве, Любоў дагэтуль жыве ў Шклове.

Другая спроба

Шклоў прынёс Ермаковай і другое вялікае каханне.

Тут яна пазнаёмілася з былым міліцыянтам Андрэем, які з цягам часу стаў яе мужам. У шлюбе нарадзілася дачка Юлія. Аднак і гэтая гісторыя кахання таксама аказалася сумнай.

Як міліцыянт, Андрэй рана выйшаў на пенсію. Пераехаўшы ў Мінск разам з жонкай, ён пачаў моцна піць. «Не знайшоў сябе ў сталіцы», — тлумачыла Ермакова.

Змаганне з алкагалізмам зноў аказалася марным, як і ў сітуацыі з першым мужам.

Надзея дамовілася, што мужа забярэ назад ягоная першая жонка. Праз некалькі гадоў Андрэй памёр.

Гісторыя з двума разводамі фактычна капіюе жыццёвую сітуацыю іншай вядомай жанчыны ў беларускай уладзе. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына таксама была ініцыятаркай расстання са сваімі мужамі.

Прызначэнне ў Мінск

Кар’ерны ўзлёт быў нечаканым для самой Ермаковай. Аляксандр Лукашэнка паклікаў банкірку ў сталіцу працаваць у кіраўніцтве «Беларусбанка». Тая спачатку адмаўлялася, казала, што не зможа… Але паехала.

Паўтара месяца Ермакова працавала намесніцай у Тамары Віннікавай.

Гэта быў такі «свой чалавек на важным месцы». А калі Віннікаву Лукашэнка прызначыў кіраўніцай Нацбанка, а пасля пасадзіў, «Беларусбанк» на доўгія гады ўзначаліла Ермакова.

Photo.bymedia.net

Photo.bymedia.net

Як ацаніць 15 гадоў, якія яна правяла на чале найбуйнейшага банка краіны?

Эксперты не бачаць заўважных правалаў ці адметных дасягненняў дзейнасці Ермаковай на пасадзе кіраўніцы «Беларусбанка». У гады росту эканомікі Беларусі банк развіваўся, у гады крызісаў — збаўляў абароты… Ермакова рухалася ў такт з лукашэнкаўскай мадэлі.

Кланавы падыход

Яшчэ падчас навучання ў пінскім тэхнікуме найлепшай сяброўкай Ермаковай стала яе аднагодка Валянціна Назаранка. Ермакова называла яе ў інтэрв’ю «другой мамай маіх дзяцей».

Калі ж маладая спецыялістка прыехала працаваць у Хоцімск, яе старэйшай калегай, а пасля і сяброўкай стала яшчэ адна Валянціна — Лук’яненка.

Атрымаўшы высокую пасаду ў «Беларусбанку», Ермакова прывяла абедзвюх сябровак у склад праўлення найбуйнейшага банка краіны. Назаранка стала намесніцай старшыні, а Лук’яненка — першай намесніцай.

Двойчы жыхарка Драздоў

У сярэдзіне 2000-х некалькі дзясяткаў уплывовых чыноўнікаў атрымалі прапанову пабудаваць катэджы каля прэзідэнцкай рэзідэнцыі ў Драздах. Сярод іх аказалася і Надзея Ермакова.

Для банкіркі выдзелілі 15 сотак у канцы Ізумруднага завулка, побач з тагачасным старшынёй Канстытуцыйнага суда Рыгорам Васілевічам.

Катэдж Ермакова збудавала сціплы, як для чалавека свайго ўзроўню, — плошчай каля 250 м2. Для параўнання, дом іншага суседа Ермаковай, Валерыя Мазоўкі (ён узначальваў трэст, які забудоўваў Дразды), удвая большы.

Праз некалькі гадоў пасля засялення Надзея Ермакова вырашыла перапісаць свой катэдж на старэйшую дачку. На падставе шлюбнай дамовы Наталля Чэпікава стала паўнавартаснай гаспадыняй дома. Цікава, што імя, імя па бацьку і прозвішча яе мужа цалкам супадае з дадзенымі дырэктара па маркетынгу Мінскага трактарнага завода (нам не ўдалося праверыць, ці ён гэта, турбаваць яго з такім пытаннем мы не рашыліся).

Тады ж, у канцы 2010-га, Ермакова набыла сабе двухпакаёвую кватэру на вуліцы Ляўкова ў Мінску.

Але галоўнае, што, паводле папераў, яна не валодала элітнай зямлёй.

Таму падчас раздачы чыноўнікам надзелаў для будаўніцтва ў сталічным раёне Вяснінка («Дразды-2») кіраўніца Нацбанка атрымала чарговыя 15 сотак.

Ермаковай дасталася самае прэстыжнае месца — на першай берагавой лініі вадасховішча Дразды, побач з мінскім мэрам Мікалаем Ладуцькам. Але калі той нават не пачынаў будаўніцтва, то Ермакова зможа засяліцца ў новы катэдж ужо хутка.

Цікава, што на яе ўчастку цяпер працуюць спрэс азіяты, якія не разумеюць ні па-беларуску, ні па-руску.

Галоўная жанчына Беларусі

Вось ужо 15 гадоў Надзея Ермакова ўзначальвае Беларускі саюз жанчын. Адной з мэтаў гэтай арганізацыі, якая налічвае каля 200 тысяч сяброў, дэкларуецца «павышэнне ролі жанчын у грамадскім, эканамічным, сацыяльным і культурным жыцці». Аднак не трэба цешыць ілюзіямі. Феномен беларускіх жанчын-кіраўніц у тым, што, забраўшыся высока па кар’ернай лесвіцы, яны мараць гэтую самую лесвіцу схаваць ад іншых жанчын. І Ермакова не выключэнне.

«Жанчыне трэба выбіраць сям’ю. Для яе гэта галоўнае, — перакананая Надзея Ермакова. — А кар’ера — рэч другаснае».

«Быць замужам — гэта значыцць ісці паўсюль за сваім мужам, змірыцца з цяжкасцямі і нягодамі, якія ўзнікаюць на гэтым шляху. Калі мужа прызначылі на нейкую пасаду, адправілі ў іншы горад, ён працуе суткамі — трэба паехаць за ім, узяць на сябе ўвесь хатні клопат», — раіць старшыня саюза жанчын.

Сярод удалых праектаў апошняга часу, да якіх спрычыніўся Беларускі саюз жанчын і асабіста Надзея Ермакова, — стварэнне сайта Дадому.by з адзінай базай дзяцей, якія чакаюць усынаўлення. Гэта дасць камусьці адзіны жыццёвы шанец.

Аднак часу на грамадскую арганізацыю ў старшыні Нацбанка няшмат. У леташнім плане працы саюза жанчын (сёлетні яшчэ не апублікаваны) Ермакова не ўзгадвалася ні разу. Для параўнання, сустаршыня арганізацыі, былы міністр працы Антаніна Морава, адказвала за правядзенне 15 мерапрыемстваў.

На чале Нацбанка

Кіруючы «Беларусбанкам», Ермакова старанна выконвала задачы, якія ставіў перад ёй кіраўнік дзяржавы. Куды не трэба, не лезла, вагалася разам з генеральнай лініяй. І ў сярэдзіне 2011-га банкірка атрымала прызначэнне ў Нацбанк на месца захварэлага Пятра Пракаповіча. Пачатак дэвальвацыі адбыўся яшчэ пры ягоным кіраванні. А вось давяла курс даляра да 8500 рублёў тады менавіта Ермакова. За наступныя пару гадоў рубель абясцэніўся яшчэ на чвэрць.

Photo.bymedia.net

Photo.bymedia.net

У большасці краін свету персанальная адказнасць за няспынную дэвальвацыю ляжала б на старшыні Нацбанка. Але ў Беларусі іншая спецыфіка.

Самастойнасці ў выбары фінансавай палітыкі ў Надзеі Ермаковай няма. Задача Нацбанка фактычна зводзіцца да выканання плана, задуманага адміністрацыяй Аляксандра Лукашэнкі.

Аднак дзякуючы прафесійнай камандзе нават пры такой сітуацыі Нацбанк выглядае прывабна.

А што ж сама Ермакова і яе разуменне эканамічнай сітуацыі? «Вы ж фінансіст, чаму самі не зрабілі ўклад у валюце?» — спыталі ў яе ў 2011-м, калі рубель абваліўся ў тры разы. «Не ведаю, я неяк нармальна ставілася да рублёвых укладаў. Я — як увесь народ. Чым я лепшая за астатніх?» — прызналася старшыня Нацбанка.

***

Землякі Ермаковай не ганарацца 

Роднай хаты банкіркі ў Разальмове не засталося. На яе месцы мясцовыя ўлады вырашылі паставіць сімвалічную альтанку. Каля яе тройчы на тыдзень збіраюцца мясцовыя жыхары ў чаканні аўталаўкі.

У Разальмове пра ўплывовую зямлячку ведаюць усе. Папярэднім славутым ураджэнцам Хоцімскага краю можна лічыць Васіля Вашчылу, які ўзначаліў сялянскае паўстанне ў сярэдзіне XVIII стагоддзя.

Але ці ганарацца Ермаковай? «Пра Надзьку пішаце? А што пра яе пісаць, што яна добрага зрабіла? — хорам абураюцца разальмоўцы каля аўталаўкі. — Вы б пра якую даярку лепш напісалі! А Надзьцы толькі грошы нясеш — і нічога ўзамен!»

Такога стаўлення да землякоў, якія сталі высокімі чыноўнікамі, чуць яшчэ не даводзілася…

Крыўду можна зразумець. Узровень жыцця ў вёсцы надзвычай нізкі.

Міф пра якасныя беларускія дарогі на Хоцімшчыне разбураецца. Ад Разальмова да райцэнтра менш за 20 км, але праехаць напрамую немагчыма. Смельчакоў, якія спрабуюць прарвацца па засыпанай пяском дарозе, даводзіцца выцягваць грузавой тэхнікай. Выбірацца трэба ў аб’езд, але гэта ўдвая даўжэй. Дый усё адно дарога такая, што можна страціць падвеску. Аўтобус да райцэнтра ідзе ў аб’езд, намотваючы лішнія кіламетры, таму за праезд даводзіцца плаціць больш за 50 тысяч рублёў! Для вясковых пенсіянераў, вымушаных ездзіць у Хоцімск да доктара, гэта вялікая сума.

***

Надзея Ермакова нарадзілася 19 красавіка 1953 у вёсцы Разальмоў Хоцімскага раёна. Скончыла Пінскі ўлікова-крэдытны тэхнікум (1971), Беларускі дзяржаўны інстытут народнай гаспадаркі імя Куйбышава (1978).

Працавала ў структурах Беларускай рэспубліканскай канторы Дзяржбанка СССР: у 1971—1979 — у Хоцімскім аддзяленні, у 1979—1983 — намесніца кіраўніка Кіраўскага аддзялення, у 1983—1984 — кіраўніца Шклоўскага аддзялення.

У 1984—1994 працавала ў Шклоўскім райвыканкаме, спачатку намесніцай старшыні, пасля загадчыцай фінансавым аддзелам. У 1994 — кіраўніца шклоўскага філіяла банка «Поўнач-Захад». У 1994—1995 — кіраўніца шклоўскага аддзялення «Белаграпрамбанка».

У 1996—2011 — намесніца старшыні праўлення, старшыня праўлення «Беларусбанка». З 2011 — старшыня праўлення Нацбанка.

З 1999 — старшыня ГА «Беларускі саюз жанчын».

Двойчы разведзеная, мае дваіх дзяцей.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?