Львоў балюе. Львоў сядзіць у кавярнях. І адначасова – хаваюць забітых на вайне.

Львоў балюе. Львоў сядзіць у кавярнях. І адначасова – хаваюць забітых на вайне.

Летась пасля Львоўскага кніжнага форуму я напісала аптымістычны артыкул «Не ўмерла і не ўмрэ: Украіна дасягнула ашаламляльнага поспеху». Асноўная думка была ў тым, што Украіна, украінская мова ўжо мінулі кропку невяртання. Не думала я тады, што ашаламляльныя поспехі Украіны ў разбудове нацыі ўжо шмат год не давалі спакою Путлеру…

 За гэты год Украіна перажыла многае. І мы таксама многае перажылі і перадумалі. І вось зноў я выпраўляюся на Львоўскі кніжны форум.

Наташа, а Вы не баіцеся?

— Наташа, а Вы не баіцеся? — Б.С., адзін з самых паспяховых выдаўцоў Беларусі, глядзіць на мяне з цікавасцю.

— А чаго б я мела баяцца?

— Ну, па логіцы, яны зараз адзін аднаму масты павінны пачаць узрываць, чыгуначныя калеі…

— Ды ну. Не перабольшвайце. Але не паехаць не магу. Хачу падыхаць украінскім паветрам, хачу па-ўкраінску пагаварыць, падтрымаць сяброў.

— Што ж, тады, можа, пашукаеце для нас там партнёраў?

— А з задавальненнем, дарагі Б.С.! Што Вы хочаце ім прапанаваць?..

Вечарам таго дня загружаюся ў цягнік Магілёў—Чарнаўцы з квітком да Львова.

Па дарозе туды. Хутчэй бы ўсё скончылася…

— З якою мэтою йідэтэ?

Суровы ўкраінскі мытнік глядзіць на мяне пільна.

— А погуляты!

— Погуляты? То добрэ! — ён расплываецца ва ўсмешцы і крочыць далей.

Мала хто ў вагоне едзе «погуляты». Насупраць мяне сядзіць прыгожы хлопец з сумнымі вачыма.

— Скуль Вы?

— З Чарнаўцоў. У брата быў у гасцях у Мінску. Цяпер вяртаюся дамоў.

— Ну і як у Вас там, у Чарнаўцах, агульны настрой?

— Ну як… Хутчэй бы гэта ўсё скончылася.

— Я думала, у Вас там, на захадзе, усе патрыёты Украіны…

— Па-рознаму. У нас вялікія малдаўскія сёлы. Гэта Валынь і Львоў больш украінскія. У нас жывуць бежанцы з Данбаса. Працаваць не хочуць, ад позваў хаваюцца… А мне вось мае прыйсці позва. Нашто нам той Данбас? Хай бы аддзяляліся. Хутчэй бы гэта ўсё скончылася.

У ранішнім тумане

Цягнік прыбывае ў Львоў яшчэ поначы. На горад упаў густы туман. З торбаю на колах паціхеньку іду па платформе — спяшацца мне няма куды. Вось побач ідзе група салдат, якія, відаць, вярнуліся з фронту. Яны ў аднастроях, з рукзакамі, з тэрмаізаляцыйнымі турысцкімі дыванкамі, якія рассцілаюць, калі трэба спаць на зямлі… Спакойныя, стомленыя твары. Іх ніхто не сустракае — відаць, са Львова хлопцы паедуць яшчэ далей, у гарадкі ды сёлы. Толькі побач з адным з іх, — напэўна, львавянінам — ідзе жонка. Твар яе свеціцца шчасцем. Яе муж — цемнавалосы і высокі — стрыманы.

— Каму таксі, каму таксі? — зазываюць кіроўцы.

Але гэтая пара праходзіць міма і губляецца ў густым львоўскім тумане.

Але чаму ж, сапраўды, іх ніхто не сустракае?

А колькі ў іх дывізій?

Львоўскі кніжны форум, які сёлета праходзіў у 21 раз, — з’ява сапраўды ўнікальная. Гэта такая квінтэсенцыя ўкраінскай кніжнай культуры. Пачыналася ўсё з невялікай выставы, у якой бралі ўдзел 47 чалавек, а цяпер вырасла да найбуйнейшага кніжнага кірмашу, які мае вялікі міжнародны аўтарытэт. Адзін каталог удзельнікаў займае 380 старонак дробным шрыфтам.

Сам кніжны кірмаш займае тры паверхі Палаца мастацтваў і двор. Акрамя непасрэдна кніжнага кірмашу, паралельна праходзіць яшчэ Літаратурны фестываль, праграма якога на кожны дзень — безліч прэзентацый, круглых сталоў, сустрэч з чытачамі, прычым не толькі на самім тлумным кірмашы, а на больш як 300 «майданчыках» — у кавярнях, тэатрах, бібліятэках, гатэлях. Сёлета рэкламныя матэрыялы, у тым ліку і праграмкі, аддрукаваныя, у адрозненне ад папярэдніх гадоў, на таннай газетнай паперы. Эканомія.

Але продажы нават выраслі. Львоў застаецца «чытаючым горадам».

На Форум з’ехаліся сотні інтэлектуалаў з усяго свету — ад Цімаці Снайдэра да Уліцкай. На сустрэчах з імі шматлюдна.

Перабягаючы з адной сустрэчы на іншую, міжволі шукаю: ці ёсць у жыцці горада прыкметы ваеннага часу? Прыкметы таго, што хутка і тут могуць узрываць масты? Ну, на вуліцах больш маладых мужчын ва ўніформе; на праспекце Свабоды стаяць намёты, у якіх збіраюць дапамогу для арміі; калі купляеш нешта, на чэку можа быць дадатковы радок «1 грыўня — дабрачынны збор на патрэбы войска»; на плошчы Рынак пры натоўпе турыстаў наглядна паказваюць, як аказаць першую дапамогу параненаму… І гэта ўсё.

Я задумваюся: а гэтага дастаткова? Супер, што інтэлектуалы аналізуюць і праводзяць паралелі, але, як казаў незабыўны І.В.: «А колькі ў іх дывізій?»

Тылавы Львоў

Мае сумневы павялічваюцца, калі вечарам з сябрамі выходзім павячэраць.

Цэнтр Львова — суцэльнае свята. Усё зіхаціць. Радасныя пахі моцнай кавы, выпечкі, глінтвейну. Вулічныя музыкі, мастакі. За столікамі кавярань ды рэстарацый — ніводнага вольнага месца. Усплёскі смеху, ажыўленыя віном размовы… Так павінен выглядаць горад падчас вайны? — пытаюся я.

— Я заўжды кажу, — кажа выдавец Б.А. — У нас у краіне ёсць фронт. Значыць, мы — тыл. Без адданай працы ў тыле перамогі на фронце не будзе. А мы не перастроіліся на тылавы лад.

— А я не згодная! — пярэчыць пісьменніца Л.Т. — Па-першае, мы не ведаем, што і як робяць усе гэтыя людзі, што весяляцца вакол, для фронту. Можа, яны ў сто разоў больш сродкаў, чым трацяць тут, кожны дзень для войска перасылаюць. Я ведаю такія выпадкі. А па-другое, я думаю, гэта прынцыпова — жыць цяпер так, як раней. Львоў еўрапейскі быў і такі застаецца — і гэта вельмі важна. Мы радуемся колерам і пахам, мы радуемся сустрэчам з сябрамі… Сваім ладам жыцця мы наглядна паказваем нашу перавагу. Заўважце, што ад пачатку вайны рэакцыя на ўсе падзеі Украіны ды ўкраінцаў не была такой, якую чакалі рашысты. І у гэтым наша сіла. Ну, каму было б лепш, каб горад быў змрочным і бясколерным, запакаваным у маскіровачны халат? Ці было б правільна, каб форум сёлета не праводзілі? Катэгарычна — не.

Я не хачу пра гэта чуць

У гэтай паездцы ўсё аказалася не так, як уяўлялася. Напрыклад, чамусьці мне падавалася, што плацкартны вагон, у які я набыла зваротныя квіткі, будзе пусты. Ну хто зараз будзе ехаць у Мінск са Львова?

Вагон быў цалкам запоўнены ўкраінцамі, якія ехалі ў Беларусь на працу. Торбы з салам, замарожанымі качкамі і свежымі памідорамі занялі свае паліцы. З перона махаюць рукамі татам і дочкам. «Ну што Вы, мамо, якая яшчэ адна торба? Дзе я яшчэ торбу падзену, і так сколькі Вы мне далі з сабой. Усё ў мяне добра будзе, мамо. Не плачце, мамо!» — кажа хлопец маці.

— Чаго ж, вы, хлопцы, едзеце са сваёй Украіны так надоўга? — укладзістая, прыязная суседка, медсястра, львавянка, якая ўжо 28 год жыве ў Мінску, звяртаецца да двух вясёлых хлопцаў у нашым купэ.

— Мы фасаднікі. Апрацоўваем фасады. Гэта небяспечная праца, але зарабляем мільёнаў 15 на беларускія грошы. Каб хаця палову таго зарабляць маглі ў Львове, ясна, што нікуды не ездзілі б.

Людзі сядаюць вячэраць. На століках з’яўляюцца кантэйнеры з запечанымі куркамі, салатамі. Гарэлка тут. Але ніхто не напіваецца, вячэраюць, як звыклі людзі, што многа і цяжка працуюць — па 100 грам для апетыту… Не чуваць ні мату, ні сварак. Увогуле, усе гавораць па-ўкраінску і ўсе — выключна пра працу.

— А я працую на швейным прадпрыемстве. У мінулым месяцы дамоў завезла 650 даляраў, — з прыкметным гонарам кажа маладая жанчына насупраць. Яна адмовілася пераходзіць з вырабаткі на зарплату, бо палічыла, што так зарабляе больш.

За акном вагона — суцэльная цемра.

— Ноч якая цёмная, — заўважаю я.

— Дык гэта ў нас у вёсках вакол Львова сталі электрычнасць адключаць, — тлумачыць мне адзін з хлопцаў. — Тры гадзіны з раніцы і восем гадзін ноччу.

Успамінаюцца мне фестывальныя агні Львова…

Размова пераходзіць і на АТА.

Адзін са спадарожнікаў мае двух малых дзяцей, то мабілізацыя яму не пагражае. А вось іншы хаваецца ад яе.

— Прыносілі позву, і ноччу прыносілі, і хату абшуквалі. Мама кажуць: няма яго! Куды мне ў армію ісці, а маму, сястру хто будзе забяспечваць? Яны ж жабраваць тады пойдуць…

— А ў мяне сябар пайшоў добраахвотнікам. Кажа, у Луганску 30 адсоткаў падтрымлівае нас, 30 — Расію, а астатнім усё роўна.

— А ў мяне брата ранілі там. Рэабілітацыя — за свой кошт…

— А ў мяне знаёмы быў там паранены, хрыбет пашкоджаны, прывезлі ў Львоў у шпіталь, то не хацелі апераваць, пакуль 5 тысяч даляраў бацькі не заплацяць. Тры дні крыкам бедны крычаў, ніхто не падыходзіў. Пяць тысяч каштуе там тая пласцінка для хрыбта, купляйце, інакш апераваць не будзем… То сястра хлопца дайшла неяк аж да Садовага (мэр Львова — НБ), той умяшаўся, тады адразу прааперавалі. Галоўурач так крычаў на сястру, так крычаў… А яна кажа: галоўнае, брата выратавала, а хай крычыць…

…Позна ноччу, усе спяць, прайшлі мяжу. За пярэгарадкай чую прыцішаную размову: два мужчыны год па сорак пяць.

— Я павінен зараз быць там. Я ж начальнік мінамётнага разліку. Я ж маю досвед.

— Я не хачу пра гэта чуць.

— Не, ты паслухай. Я начальнік мінамётнага разліку. Я восем разоў жыццём рызыкаваў. Ты ведаеш, што такое аборт мінамёта?

— Не.

— Гэта калі міна ў ствале захрасае. Тады вымаеш яе, вочы заплюшчыш, і выймаеш. Восем разоў так было. Я ж досвед маю. Я павінен зараз быць там.

— Я не хачу пра гэта чуць.

…Гэтыя людзі з выразнымі тварамі, з моцнымі рукамі, што гавораць без мацюкоў і працуюць без стомы — рэальнае багацце Украіны. Так, цяпер яны маюць сумневы ў сваёй дзяржаве. Чаму яны маюць абараняць яе, калі яна не абараняе іх? Вось менавіта іх і пасольству ўкраінскаму цяпер варта падтрымліваць, і ўкраінскай дыяспары. Яны вязуць на Радзіму рэальныя грошы, якія так там цяпер патрэбныя.

Як набыць бронекамізэлькі?

У грамадзян Украіны сапраўды шмат пытанняў да сваёй дзяржавы.

Львоўскі журналіст С.Л. расказвае як пра будзённае:

— Адправілі пляменніка ў войска. Бронекамізэльку яму купілі, а вось каску — пакуль не. Але купім. У нас у войска трэба ісці са сваім.

— Як так? Як гэта можа быць: ісці ў войска са сваёй каскай?! — не магу ўцяміць я.

— А ты думаеш, Путлер вось цяпер вырашыў напасці? Не, план па развале краіны і арміі дзейнічаў даўно, — паціскае ён плячыма. — Але нічога, каску таксама купім. І пераможам рашыстаў.

— Салдатам трэба броне-камізэлькі, — расказвае выкладчыца Львоўскага ўніверсітэта Н.С. — Мы сабралі грошы. Купляць іх трэба ў Польшчы — Украіна іх не вырабляе. Але па заканадаўстве завозіць іх можна не больш, чым па адной на адну асобу. Сабралася нас чалавек сто, паехалі. Туды на аўтобусе, назад — на бусіках. Апранула яе на сябе. А яна цяжкая, 20 кіляў вагой. А я паўтара метра ў кепцы…

— Дэбільная дзяржава! — абураецца вядомы беларускі журналіст С.Ш. — Як можна забараняць увоз бронекамізэлек, калі ідзе вайна? Хіба можа такая дзяржава выйграць вайну?

— Можа. Бо ў гэтай дзяржавы вось такія грамадзяне. Ці знойдзецца ў нас у Беларусі, калі што, сто чалавек, якія выправяцца ў Польшчу па бронекамізэлькі? — кажу я.

У сухім астатку

А Путлер хай не спадзяецца дачакацца смерці Украіны. Рускія разведчыкі, якія працуюць ва Украіне, хай так і напішуць свайму начальству: дулю!

Як прыпячатала маладая краўчыха, што не пагадзілася пераходзіць з вырабаткі на зарплату: «Украінская свіння па-расейску рыць не будзе!»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0