Міністэрства юстыцыі вынесла папярэджаньне Кансэрватыўна‑хрысьціянскай партыі БНФ. Мін’юст папярэдзіў партыйцаў аб недапушчальнасьці распальваньня міжнацыянальнай варожасьці.

Падставай для папярэджаньня стаў ліст, які сябры Кансэрватыўна‑хрысьціянскай партыі распаўсюджвалі ў дзяржаўных органах. Паводле Мін’юсту, ліст «накіраваны на фармаваньне непрыязі, нянавісьці да расейскай нацыянальнасьці. У ягоным тэксьце абражаюцца пачуцьці грамадзянаў у зьвязку зь іх прыналежнасьцю да расейскай нацыянальнасьці, утрымліваюцца паклёпніцкія выказваньні».

Мін’юст указаў, што ў лісьце падаецца тэндэнцыйная інфармацыя ў адносінах да палітыкі Расейскай Фэдэрацыі і Рэспублікі Беларусь у (цытата) «збліжэньні беларускага і расейскага народаў, грубыя паклёпніцкія нападкі ў дачыненьні да нацыянальнай палітыкі Расейскай Фэдэрацыі, народа Расеі і яго гісторыі».

Міністэрства юстыцыі прапануе спыніць распаўсюджваньне ліста і прызнаць яго распаўсюд памылковым дзеяньнем. У выпадку невыкананьня партыю ліквідуюць.

Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0