Прэзідэнт ЗША Барак Абама заявіў, што Амерыка можа адмяніць санкцыі супраць Расіі, калі афіцыйная Масква зменіць сваю пазіцыю ў дачыненні да Украіны.
Пра гэта ён заявіў падчас свайго выступу на сесіі Генасамблеі ААН.
«Дзеянні Расіі ва Украіне парушылі парадак, які склаўся пасля Другой сусветнай вайны», — адзначыў амерыканскі лідар.
Ён паабяцаў Кіеву падтрымку ў супрацьстаянні з РФ, аднак не стаў удакладняць ў прамове падрабязнасці таго, у чым будзе заключацца дапамога. «Амерыка і партнёры будуць падтрымліваць Украіну, — паабяцаў ён. — Мы прымусім Расію заплаціць цану за агрэсію».
Абама асобна падкрэсліў, што ўкраінцы павінны мець права выбіраць шлях развіцця сваёй краіны.
Разам з тым Абама падкрэсліў, што пакаранне Расіі не з'яўляецца безальтэрнатыўным.
«Ёсць іншы шлях, шлях дыпламатыі і міру, пачатак якому паклала нядаўняе перамір'е. Калі Расія абярэ гэты шлях, мы гатовыя зняць нашы санкцыі», — заявіў прэзідэнт ЗША.
Паводле яго слоў, гэты варыянт дазволіць аднавіць папярэднюю ролю РФ у свеце і «запрасіць Расію да вырашэння сусветных праблем».