Расейцы сёння, як ніколі за апошнія гады, пазітыўна ацэньваюць сітуацыю ў краіне і ў сваім найбліжэйшым асяроддзі. Пра гэта сведчыць апублікаванае ў чацвер даследаванне Усерасійскага цэнтра вывучэння грамадскай думкі (УЦДГМ).

Доля тых, хто дае пазітыўныя ацэнкі сітуацыі, якая склалася ў краіне, сумарна складае 83%, а негатыўныя ацэнкі — толькі 15%.

У пачатку 2014 гэтыя лічбы складалі 71% і 23% адпаведна. У 2010 годзе станоўчыя ацэнкі давалі 62% рэспандэнтаў, а адмоўныя — 31%.

Паляпшаецца таксама ацэнка расейцамі становішча ў сваім рэгіёне, горадзе, сям'і і ацэнка асабістай сітуацыі. Індэксы, якія адлюстроўваюць гэта, дасягнулі самых высокіх значэнняў з пачатку такіх даследаванняў пяць гадоў таму.

«Рост індэксаў ідзе з пачатку года вялікімі тэмпамі», — адзначыла кіраўнік праектаў УЦДГМ Юлія Баскакава. «Прырода гэтага перш за ўсё звязана з падзеямі ў Крыме», — лічыць яна.

«У росце індэксаў праяўляецца павышэнне самаацэнкі нашых суграмадзян на фоне той знешняй палітыкі, якую рэалізуе Расія, — адзначыла сацыёлаг. — Ёсць адчуванне, што мы моцныя, можам рэалізоўваць тое, што мы лічым правільным».

Іншай прычынай павелічэння індэксаў з'яўляецца «фактар параўнання — з той жа Украінай, дзе адбываюцца ваенныя дзеянні».

На рост пазітыўных ацэнак расейскай сітуацыі працуе таксама і тое, што «пакуль не спраўджваюцца негатыўныя сцэнары, якімі палохалі расейцаў». Яны, напрыклад, не адчуваюць пагаршэння сітуацыі ў эканоміцы з-за санкцый. Да гэтага часу няма даўно «абяцанай» новай хвалі крызісу.

Апошнія дадзеныя даследавання атрыманыя ў ходзе апытання 13-14 верасня. Апытаныя 1,6 тыс. чалавек у 42 суб'ектах РФ. Статыстычная хібнасць не перавышае 3,4%.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?