Адначасовае выкарыстанне смартфонаў, ноўтбукаў, планшэтаў і іншых гаджэтаў мяняе структуру мозгу, высветлілі навукоўцы Універсітэта Сасэкса.

У тых, хто злоўжывае шматзадачнасцю, зніжаецца шчыльнасць шэрага рэчыва ў пярэдняй пасавай кары (ППК) — вобласці, якая адказвае за кагнітыўныя (пазнавальныя) функцыі і кантроль над эмоцыямі. Новае даследаванне прадстаўлена ў часопісе PLoS ONE, а коратка пра яго паведамляецца ў прэс-рэлізе універсітэта.

Абследаванне з дапамогай магнітнай тамаграфіі 75 дарослых людзей паказала, што тыя з іх, хто мае звычку адначасова карыстацца некалькімі «медыйнымі» прыладамі (у іх лік увайшлі не толькі камп'ютары і смартфоны, але і тэлевізары, а таксама папяровыя СМІ), валодаюць менш шчыльным шэрым рэчывам у ППК. Статыстыку па звычках рэспандэнтаў атрымалі ў ходзе папярэдняга анкетнага апытання.

Новае даследаванне ўзгадняецца з іншымі дадзенымі нейрафізіялогіі. Медыйную шматзадачнасць раней ужо ўвязвалі са слабай увагай і эмацыйнымі праблемамі — такімі, як дэпрэсія, а таксама падвышаная трывожнасць.

«Канкрэтныя механізмы гэтай сувязі застаюцца незразумелымі. Альбо людзі з паменшанай пярэдняй пасавай карой, слаба кантралюючыя свае эмоцыі і пазнавальныя працэсы, вымушаныя рабіць некалькі спраў адначасова, альбо ж працяглы вопыт шматзадачнасці прыводзіць да структурных зменаў мозгу. Каб зразумець кірунак дадзенай прычынна-следчай сувязі, спатрэбіцца доўгатэрміновае даследаванне», — заявіў адзін з аўтараў працы нейрафізіялогіі Кепкі Ло. 

Зрэшты, структура мозгу змяняецца пад уплывам самага рознага вопыту, не абавязкова негатыўнага. У іншых даследаваннях было выяўлена, што шчыльнасць шэрага рэчыва трансфармавалася, напрыклад, у таксістаў, якія вывучылі карту Лондана, і ў штукароў-пачаткоўцаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?