Адыёзнага заходнерусіста Льва Крыштаповіча прыбралі з ІАЦ Адміністрацыі прэзідэнта
Пра адстаўку чыноўніка нічога не паведамлялася ў афіцыйных зводках. Ад 2008 года Крыштаповіч з’яўляўся намеснікам дырэктара Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра пры Адміністрацыі прэзідэнта. На сайце ІАЦ прозвішча Крыштаповіча ўжо прыбранае з спісу кіраўніцтва.
У апошнім па часе нумары часопісу «Беларуская думка» надрукаваны артыкул Льва Крыштаповіча і былога міністра інфармацыі Алега Праляскоўскага «Вялікі верасень», прысвечаны 75-годдзю ўз’яднання Беларусі.
З біяграфічнай даведкі вынікае, што цяпер Леў Крыштаповіч з’яўляецца начальнікам навукова-даследчага аддзелу Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтва.
Льву Крыштаповічу 65 гадоў. Ён нарадзіўся ў вёсцы Пекалін Смалявіцкага раёна. Скончыў гістфак БДУ. Доктар філасофскіх навук, прафесар.
Аўтар кніг: «Беларусь як руская святыня», «Беларусь і Расія: гістарыясофскае і цывілізацыйнае адзінства». Уваходзіць у спіс неўязных у Еўрасаюз беларускіх чыноўнікаў.
Крыштаповіч прытрымліваецца заходнерусісцкіх поглядаў, якія ўважаюць рускіх, беларусаў і ўкраінцаў адным народам. З’яўляецца ўдзельнікам праекта «Заходняя Русь», сталы аўтар сайта zapadrus.su.
За час працы ў ІАЦ Крыштаповіч запомніўся крытыкай праграмы Міністэрства культуры «Замкі Беларусі», якая мела на мэце аднаўленне страчанай архітэктурнай спадчыны. Крыштаповіч жа зазначыў, што «магнаты Радзівілы, Сапегі, Агінскія не маюць нічога супольнага з беларускай ментальнасцю», а гісторыю ВКЛ варта выкінуць «на звалку гісторыі».
Летась Леў Крыштаповіч атрымаў ордэн Дружбы ад Уладзіміра Пуціна за вялікі ўклад ва ўмацаванне дружбы і супрацоўніцтва з Расійскай Федэрацыяй.
Варта адзначыць, што ў ліпені ў ІАЦ змяніўся дырэктар: замест былога прэс-сакратара КДБ Уладзіміра Базанава пасаду заняў юрыст Аляксей Дзербін (ён таксама ў мінулым супрацоўнічаў з КДБ).
Каментары