Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця не выключае магчымасці ўнясення змяненняў у краінавую стратэгію супрацоўніцтва з Беларуссю, заявіў 26 верасня на прэс-канферэнцыі ў Мінску кіраўнік дэлегацыі савета дырэктараў ЕБРР Шон Донлан.

Дэлегацыя савета дырэктараў ЕБРР знаходзілася ў Беларусі з пяцідзённым візітам. Адбыліся сустрэчы з прадстаўнікамі ўлады, замежнымі і мясцовымі інвестарамі, а таксама прадстаўнікамі няўрадавых арганізацый, на якіх абмяркоўвалася эканамічнае развіццё краіны. 

«Што да магчымага перагляду краінавай стратэгіі, то гэта рэгулярны штогадовы працэс для кожнай краіны — члена ЕБРР. У тым ліку будзем аналізаваць магчымасць перагляду краінавай стратэгіі для Беларусі ў хуткім часе», — сказаў Шон Донлан. 

Кіраўнік дэлегацыі савета дырэктараў ЕБРР таксама зазначыў, што на сустрэчы з прэм`ер-міністрам Беларусі Міхаілам Мясніковічам 26 верасня «даў ясна зразумець, што хацеў бы бачыць больш інвестыцый ЕБРР у Беларусі». «Таму мы са свайго боку працуем з мясцовым прадстаўніцтвам банка для стварэння праектаў. Пасля таго як праекты будуць максімальна дэталізаваныя і абмеркаваныя, дзе гэта трэба, адпаведнымі органамі ўлады, гэтыя праекты будуць вынесены на абмеркаванне савета дырэктараў ЕБРР», — растлумачыў Шон Донлан. 

«Праект можа быць зацверджаны або не, але тым не менш усе тэмы ўзаемадзеяння абмяркоўваюцца з уладамі Беларусі, з якімі ў нас склаліся цудоўныя адносіны. Мы гатовыя зрабіць усё, што яны хацелі б ад нас, але — зноў жа — мы павінны супастаўляць патрэбнасці нашых кліентаў з нашымі магчымасцямі», — падкрэсліў кіраўнік дэлегацыі савета дырэктараў ЕБРР. 

Прынятая ў 2013 годзе трохгадовая краінавая стратэгія ЕБРР у Беларусі не прадугледжвае прамую фінансавую падтрымку беларускай дзяржаве і абмяжоўваецца падтрымкай інфраструктурных муніцыпальных праектаў. 

Гнуткі падыход дазваляе ЕБРР уносіць у сваю працу карэктывы ў выпадку прыняцця рашэнняў, якія могуць паўплываць на дасягненне ключавых палітычных ці эканамічных мэтаў, прапісаных у мандаце банка для ўсіх краін аперацый. «Гэта значыць, што магчымасць павелічэння аб`ёму дапамогі ЕБРР звыш заяўленага ў новай стратэгіі будзе залежаць ад дзеянняў беларускіх улад», — тлумачаць у банку.

Таксама ЕБРР бачыць магчымасці для пашырэння дзейнасці ў Беларусі. 

«Мы мяркуем, што ёсць магчымасці для пашырэння нашай дзейнасці нават ва ўмовах калібровачнага падыходу», — цытуе прэс-служба Донлана. «Нягледзячы на калібровачную стратэгію, прадстаўнікі банка былі ўражаныя вынікамі, якія дэманструюць сумесныя праекты», — дадаў ён. 

Паводле слоў Донлана, дэлегацыя ЕБРР прыбыла ў Беларусь, каб выслухаць прапановы беларускага боку і разгледзець іх на пасяджэнні поўнага савета дырэктараў, прызначанага на наступны тыдзень. 

Мясніковіч, са свайго боку, зазначыў, што Беларусь знаходзілася ля вытокаў стварэння ЕБРР і стала адным з першых яго членаў. У Беларусі з банкам было шмат буйных сістэмных праектаў, у тым ліку ў сферы дарожнага будаўніцтва, сувязі, энергетыкі. Кіраўнік урада падкрэсліў, што «агульны аб'ём крэдытавання з'яўляецца немалым, аднак ён мог быць і большым». 

Паводле слоў Мясніковіча, праектаў стала менш і сумы крэдытаў больш сціплымі. «На мой погляд, прычына ў тым, што банк кіруецца калібровачным падыходам, і гэта зніжае нашы магчымасці супрацоўніцтва», — мяркуе Мясніковіч. Прэм'ер-міністр выказаў надзею, што яго меркаванне будзе пачута і ўлічана ў працы ЕБРР. 

Мясніковіч заявіў, што ўрад сумесна з Нацбанкам паступова рэалізуе структурныя рэформы ў эканоміцы. «Мяркую, што рэсурсы банка могуць быць добрай падмогай у рэалізацыі гэтых працэсаў», — сказаў прэм'ер-міністр.

***

ЕБРР з`яўляецца буйным інвестарам у Беларусі. Па стане на 1 верасня 2014 года банк выдзеліў больш як 1,5 мільярда еўра ў межах 66 праектаў, з іх 883 мільёны еўра былі інвеставаныя за мінулыя пяць гадоў.

Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця — міжнародная фінансавая арганізацыя са штаб-кватэрай у Лондане, створаная для падтрымкі трансфармацыі эканомікі ў дзяржавах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. ЕБРР пачаў дзейнічаць у красавіку 1991 года. 

Асноўныя акцыянеры банка — ЗША, краіны Еўрапейскага саюза, Японія. Беларусь з`яўляецца паўнапраўным членам ЕБРР з 1992 года. З 1994 года ў краіне адкрыта пастаяннае прадстаўніцтва банка. 31 сакавіка 2014 года адбылося афіцыйнае адкрыццё новага офіса банка ў Мінску.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?