Еўрасаюз не будзе ўносіць змены ў пагадненне аб асацыяцыі з Украінай. Пра гэта заявіла на брыфінгу ў пятніцу, 26 верасня, прэс-сакратар Еўракамісіі Пія Арэнкільдэ Хансэн.

Раней з патрабаваннем перагледзець пагадненне выступіў прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін.

«Што тычыцца Еўрапейскага саюза, мы не збіраемся ўносіць змены ў гэтае пагадненне. А што тычыцца Украіны, яна суверэнная і вольная выбіраць рашэнне ў адпаведнасці са сваімі інтарэсамі і сваімі знешнімі адносінамі», — заявіла прадстаўнік Еўракамісіі.

Паводле яе слоў, Еўрасаюз і Украіна працуюць над рэалізацыяй пагаднення.

Хансен нагадала, што 12 верасня на перамовах на міністэрскім узроўні паміж Еўрапейскім саюзам, Расіяй і Украінай было вырашана перанесці часовае прымяненне часткі пагаднення аб асацыяцыі, якая тычыцца пагаднення аб ўсёабдымнай паглыбленай зоне свабоднага гандлю. Па гэтай частцы пагаднення Расія і Украіна дамовіліся, што працягнуць прымяняць пагадненне аб прэферэнцыяльным рэжыме гандлю. Па словах прадстаўніка Еўракамісіі, Пуцін пацвердзіў гэта ў тэлефоннай размове з Барозу 15 верасня.

Адтэрміноўка дазволіць тром бакам абмеркаваць засцярогі, выказаныя Расіяй, адзначыла Хансэн. Пры гэтым яна нагадала, што пагадненні аб асацыяцыі і аб свабодным гандлі з'яўляюцца двухбаковымі. Паводле яе слоў, «любое змяненне ў іх павінна прапаноўвацца адным з дамоўных бакоў і атрымліваць згоду іншага боку».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?