Сотні прадпрымальнікаў сабраліся на мітынг пратэсту на Кастрычніцкай плошчы і прайшлі шэсьцем да плошчы Незалежнасьці, каб уручыць пэтыцыю дэпутатам палаты прадстаўнікоў. Улады паабяцалі перамовы.

12.30 Каля трохсот прадпрымальнікаў сабралася на мітынг пратэсту на Кастрычніцкай плошчы.

Прадпрымальнікі выставілі расьцяжкі з сваімі патрабаваньнямі.

Выступіў прадпрымальніцкі лідэр Алесь Таўстыка. Зь ягонай прапановы мітынгоўцы сабраліся ў калядны карагод.

Выступіў Алесь Стральцоў з Сацыял-дэмакратычнай партыі: У Беларусі ёсьць палітвязьні, сказаў ён. Але ёсьць і дзясяткі эканамічных вязьняў, прадпрымальнікаў, якія трапілі за краты праз жаданьне ўладаў трымаць эканоміку пад сваім поўныя кантролем.

З палітыкаў на Плошчы прысутнічае Анатоль Лябедзька. Ад пачатку таксама ўдзельнічаюць актывісты Руху за Свабоду, Маладога Фронту.

Таксама на Плошчы прысутнічаюць дзясяткі ахоўнікаў парадку і журналістаў.

Моцна грае музыка з дынамікаў. Яна заглушае ўсе патэнцыйныя скандаваньні і выгукі.

На праспэкце супрацоўнікі Дзяржаўтаінспэкцыі спыняюць і ператрасаюць фургоны, што кіруюцца ў бок Плошчы.

На Плошчы прысутнічае таксама спэцаўтамабіль, які нагадвае пра несанкцыяваны характар сходу і пагражае спэцсродкамі.

Кіраўніцтва гарадзкой міліцыі пільнуе мітынгоўцаў, каля дзесяці камэраў здымаюць падзеі з розных ракурсаў.

Наш кар. працягвае знаходзіцца на Плошчы, чакайце наступных паведамленьняў.

***

12.40 На мітынгу прадпрымальнікаў на Кастрычніцкай плошчы выступілі прадстаўнікі рэгіёнаў. Сярод выступоўцаў ёсьць і беларускамоўныя. Былі таксама зачытаныя звароты трох затрыманых заяўнікаў акцыі.

Прыехалі на плошчу чыноўнікі зь міністэрства эканомікі і Менгарвыканкаму. Яны выступаюць перад сабранымі. Некаторыя іх словы сустракаюць сьвістам.

Адзін з заяўнікаў акцыі, Аляксандар Макаеў, прызнаўся, што ўсьцешаны колькасьцю удзельнікаў, бо разьлічваў чалавек на 50.

***

Каліноўскага асьвісталі пад крыкі “Ганьба”. Ліхачоўскі выступіў, патлумачыў сэнс указу й паабяцаў, што ўсе канструктыўныя прапановы будуць разгледжаныя.

13.00Начальніка ўпраўленьня прадпрымальніцтва камітэту эканомікі Менгарвыканкаму Аляксандра Каліноўскага асьвісталі і праводзілі з трыбуны пад крыкі «Ганьба». Кіраўнік дэпартамэнту па прадпрымальніцтве Міністэрства эканомікі Аляксандар Ліхачэўскі ў выступе патлумачыў сэнс указу й паабяцаў, што ўсе канструктыўныя прапановы будуць разгледжаныя.

Адзін з прадпрымальніцкіх лідэраў Віктар Гарбачоў заявіў, што на ўзроўні дэпартамэнтаў іх пытаньне вырашыць немагчыма. Прадпрымальнікі вырашылі перадаць свае прапановы ў парлямэнт, і ў гэты момант усе разам рушылі да плошчы незалежнасьці.

Перад тым, як пакінуць Кастрычніцкую плошчу, удзельнікі акцыі заявілі, што калі іх голас ня будзе пачуты, яны пачнуць забастоўку з 1 студзеня.

13.15 Калёна каля кінатэатра «Цэнтральны». Прадпрымальнікі скандуюць «Мы ня вошы!», а маладафронтаўцы — «Жыве Беларусь!». Грамада ахвотна падхоплівае. Міліцыя папярэджвае пра забарону хадзіць натоўпам ад Кастрычніцкай плошчы да плошчы Незалежнасьці.

13.25 Галава калёны падышла да да парлямэнту, хвост калёны — каля гатэлю «Менск». Колькасьць удзельнікаў наўзвочна вырасла. Удзельнікі выстройваюцца на прыступках і разгортваюць транспаранты як у бок плошчы, так і ў бок вокнаў Дому Ўраду.

13.30 Заяўнікі панесьлі ў парлямэнт зварот на імя Сідорскага. Колькасьць удзельнікаў павялічылася да 800-1000 чалавек.

13.50 Старшыня Сталай камісіі ППНС РБ па прамысловасьці, паліўна-энэргетычным комплексе, транспарце, сувязі і прадпрымальніцтве Анатоль Паўловіч прапанаваў прадпрымальнікам сустрэцца ў наступную сераду ў пашыраныс складзе і разгледзець гэтыя пытаньні. Дэлегаты ад прадпрымальнікаў, якія перадавалі зварот, папрасілі ў прысутнасьці журналістаў гарантыі ў чыноўнікаў і міліцыі, што людзям дадуць разыcьціся бяз арыштаў. У натоўпе пад 1000 чалавек. Людзі скандуюць эканамічныя лёзунгі.

14.00 Актывіст руху «За вольнае разьвіцьцё прадпрымальніцтва» Аляксандар Таўстыка, адзін з заяўнікаў акцыі, які за раздачу матэрыялаў да акцыі адседзеў 7 сутак на Акрэсьціна, кажа: што такая колькасьць людзей — вялікі посьпех для акцыі.

Анатоль Лябедзька заявіў, што прыйшоў на акцыю як спажывец, бо гэтая праблема ня толькі прадпрымальнікаў, але і ўсіх спажыўцоў, і палітыкаў-спажыўцоў у прыватнасьці.

14.08 Дэлегаты ад прадпрымальнікаў выйшлі з парлямэнту. Іх зварот прыняты да разгляду. На наступную сераду заплянаваная сустрэча з чыноўнікамі. Таксама яны атрымалі вуснае абяцаньне, што людзям дадуць разысьціся без затрыманьняў. Яшчэ адной умовай прадпрымальнікаў было вызваліць чатырох затрыманых перад акцыяй і ў часе яе: Аляксандра Цацору, Аляксандра Макаева, Вольгу Казуліну й Барыса Гарэцкага.

Людзі паціху пачынаюць разыходзіцца.

Акцыя прадпрымальнікаў: прывязка да мясцовасьці.
Мапа падзеяў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?