Служба бяспекі Украіны перашкодзіла спланаванаму расійскімі спецслужбамі згону на тэрыторыю РФ украінскага вайсковага самалёта-выведніка Су-24М.
Пра гэта ў аўторак паведамляе прэс-служба ведамства.
22 верасня быў затрыманы завербаваны расійскай ваеннай выведкай для выканання гэтай задачы грамадзянін Украіны «К», 1970 г. н, намеснік камандзіра авіяцыйнай (разведвальнай) эскадрыллі, які ўдзельнічаў у правядзенні АТА.
СБУ выявіла, што прыцягненне ўкраінскага вайскоўца да рэалізацыі злачынных намераў расійскія спецслужбы ажыццяўлялі ў некалькі этапаў, у тым ліку шляхам пагроз фізічнага гвалту ў дачыненні да членаў сям'і лётчыка.
Выконваючы заданні расійскай спецслужбы, лётчык павінен быў у ходзе выканання баявых палётаў у зоне АТА ажыццявіць крадзеж баявога самалёта і пасадзіць яго на аэрадроме ў горадзе Курск (РФ).
Для вываду скрадзенага самалёта на аэрадром пасадкі «К» павінен быў сустрэць расійскі самалёт. У выпадку немагчымасці пасадзіць самалёт на пэўны аэрадром з-за пагрозы прымянення сродкаў СПА пілот павінен быў катапультавацца над тэрыторыяй РФ.
Контрвыведка СБУ своечасова выкрыла злачынныя намеры і зрабіла немагчымай іх рэалізацыю шляхам адхілення «К» ад палётаў.
Следчым аддзелам УСБУ ў Хмяльніцкай вобласці распачата крымінальная справа па ст.111 Крымінальнага кодэкса (дзяржаўная здрада).
Лётчыку пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі.
«Контрвыведка папярэджвае вайскоўцаў аб небяспецы правакацый з боку замежных спецслужбаў і заклікае быць пільнымі і заставацца вернымі прысязе Народу Украіны», — рэзюмуюць у СБУ.