Украіна і Польшча плянуюць запусьціць нафтагон «Адэса‑Броды» ў авэрсным рэжыме ў сярэдзіне 2008 году. Пра гэта, як паведамляе прэс‑служба кіраўніка ўкраінскай дзяржавы, заявілі прэзыдэнты Віктар Юшчанка і Лех Качыньскі ў Адэскай вобласьці пасьля наведваньня марскога нафтавага тэрміналу «Паўдзённы».

«Пачаткам рэалізацыі гэтага праекту, у тым разуменьні, як мы сёньня казалі, я бачыў бы сярэдзіну 2008 году. Мы маем усе падставы цьвёрда пра гэта заяўляць», — сказаў В. Юшчанка. Ён удакладніў, што першы этап такога выкарыстаньня нафтаправоду прадугледжвае транспартаваньне нафты ў авэрсным рэжыме да Бродаў — а з гэтага адпраўнога пункту яна будзе перавазіцца чыгункаю.

Прэзыдэнт Украіны таксама паведаміў, што, згодна з плянам разьвіцьця гэтага праекту, у сьнежні 2007 году адбудзецца фармаваньне статутнага фонду СП «Новая Сарматыя», у красавіку будзе зацьверджанае тэхніка‑эканамічнае абгрунтаваньне праекту з тым, каб ужо ў траўні гэтая кампанія магла выйсьці на рынак замежных запазычаньняў і зьвярнуцца па пазыкі да ЭБРР.

«Я чакаю, што падчас Энэргетычнага саміту ў Кіеве можна будзе пабачыць першы этап працы энэргаправоду «Адэса‑Броды», — сказаў прэзыдэнт Польшчы, зазначыўшы, што падрыхтоўчыя працы па рэалізацыі праекту ідуць паскоранымі тэмпамі. На ягоную думку, дабудова нафтагону да Гданьску магчымая ў 2011—2012 гадах. У той жа час В. Юшчанка выказаў думку, што гэтую працу можна было б рэалізаваць цягам 2008—2009 гадоў. «Калі б не палітыка, праект «Адэса‑Броды» працаваў бы ўжо не адзін год», — таксама адзначыў прэзыдэнт Украіны.

В. Юшчанка і Л. Качыньскі агледзелі нафтавы тэрмінал «Паўдзённы», пазнаёміліся з працаю порту і пабачылі прэзэнтацыю пэрспэктываў супольнага выкарыстаньня нафтагону «Адэса‑Броды». Пасьля гэтага прэзыдэнт Украіны падпісаў указ пра правядзеньне ў траўні 2008 году ў Кіеве Міжнароднага энэргетычнага саміту, які, паводле яго перакананьняў, завершыць усю лягістыку, зьвязаную з рэалізацыяй праекту «Адэса‑Броды‑Плоцк‑Гданьск».

НХ, unian.net

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0