29 мая Аляксандр Лукашэнка падпісаў дамову аб стварэнні Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС). Пасля з'яўлення гэтай навіны ў сетцы Інтэрнэт было напісана мноства каментароў, сярод якіх дастаткова папулярным быў наступны: «А нас хто-небудзь спытаў, ці трэба нам ўступаць у гэты саюз?». Я ж вырашыў не чакаць, пакуль мяне нехта запытае аб маім меркаванні, а сам спытаць з тых, хто дагавор аб ЕАЭС павінны ратыфікаваць: дэпутата палаты прадстаўнікоў ад сваёй акругі Мурашку І.А. і члена савета рэспублікі Карашкова Я.Ф. Пытанне было наступнага зместу: «Ці лічыце Вы, што палажэнне ст. 13 дагавора аб Еўразійскім эканамічным саюзе адпавядае інтарэсам Рэспублікі Беларусь і яе нацыянальнаму заканадаўству, якім чынам Вы збіраецеся ўлічваць меркаванне грамадзян Рэспублікі Беларусь, сваіх выбаршчыкаў (дэпутатаў мясцовых Саветаў) і юрыдычных асоб пры разглядзе ў нацыянальным сходзе пытання аб ратыфікацыі дагавора аб Еўразійскім эканамічным саюзе?»

Адказы члена савета рэспублікі і дэпутата палаты прыведзеныя ніжэй.

Новую актуальнасць гэтая праблема набыла ў святле таго, што законапраект ужо трапіў у нацыянальны сход.

Не сказаў бы, што ўрэгуляванне выхаду без уліку меркавання таго боку, што выходзіць, «естественно» павінна вырашацца па формуле «кансенсус мінус адзін». На мой погляд, гэта пытанне ўсё ж такі дыскусійнае, як і шэраг іншых аспектаў, змешчаных у адказах парламентарыяў. Неабходна разумець, у якога кшталту саюз мы ўступаем не толькі дэ-юрэ, але і дэ-факта.

У прэамбуле дагавору аб стварэнні ЕАЭС адзначана, што дзяржавамі рухае імкненне гарантаваць добрасумленную канкурэнцыю, да адной з агульных задач адносіцца ўмацаванне канкурэнтаздольнасці нацыянальных эканомік. І што мы бачым насамрэч: увядзенне мытаў і розных сертыфікатаў, што абмяжоўваюць доступ імпартных тавараў на тэрыторыю краін ЕАЭС і да т.п. Такім чынам, «канкурэнтаздольнасць» шэрагу нашых тавараў будзе дасягацца не грунтуючыся на росце якасці і зніжэнні кошту (што было б добра), а праз абмежаванне імпарту. Хутчэй за ўсе, ЕАЭС чакае не развіццё канкурэнцыі, а манапалізацыя.

Але ж эканоміка ў ЕАЭС не галоўнае. Вядома, што ЕАЭС – гэта палітычны праект прэзідэнта Расіі Пуціна. Аб тым, што ЕАЭС у будучым чакае палітычная і вайсковая інтэграцыя, казаў і Лукашэнка. Што чакае гэты саюз ва ўнутрыпалітычным плане?

Безумоўна, асноўнай дзяржавай саюза ёсць Расія, адпаведна і палітыка саюза будзе вызначацца Расійскай Федэрацыяй. Існуе зашмат філасофскіх разваг аб «загадкавай рускай душы», але найбольш дакладнае апісанне ў сацыяльным зрэзе прапанаваў Андрэй Амальрык у артыкуле «Ці праіснуе Савецкі Саюз да 1984 года» (выдадзены ў 1969 годзе). Вось яго словы: «Рускаму народу … амаль зусім незразумелая ідэя самакіравання, роўнага для ўсіх закона і асабістай свабоды – і звязанай з гэтым адказнасці. Нават у ідэі прагматычнай свабоды сярэдні рускі чалавек убачыць не магчымасць для сябе добра ўладкавацца ў жыцці, а небяспеку, што нейкі спрытны чалавек добра ўладкуецца за яго кошт. «Справядлівасць» на практыцы абарочваецца жаданнем, «каб нікому не было лепей, чым мне». Гэтая ідэя абарочваецца нянавісцю да ўсяго, што выходзіць з шэрагу прэч, … да ўсялякай ініцыятывы, да ўсякага больш высокага і дынамічнага ладу жыцця, чым жывем мы».

Калі паглядзець на сучасную Расію, наўрад ці можна сказаць, што з 1969 года нешта карэнным чынам змянілася. Улічваючы працяглую нязменнасць улады і кіраўнічых кадраў у Беларусі, Казахстане і Расіі, відавочна, што на ключавых пасадах у ЕАЭС будуць усё тыя ж асобы, якія, зразумела, не жадаюць пакідаць свае «наседжаныя» месцы для маладых і перспектыўных. Калі дадаць да вышэй сказанага высокую верагоднасць манапалізацыі эканомікі і ўзгадаць словы Леніна: «Свабоднай канкурэнцыі адпавядае дэмакратыя, манаполіі адпавядае палітычная рэакцыя», — то напрошваецца выснова, што з вялікай верагоднасцю ЕАЭС пераўтворыцца ў ізаляванае ад знешняга свету таталітарнае ўтварэнне з пэўнай ступенню агрэсіі да высокаразвітых краін, кіраваць саюзам будзе «састарэлы гурт» а-ля Брэжнеў і Ко, вынікам кіраўніцтва якога стане кансервацыя сацыяльных працэсаў і татальны кантроль за грамадзянамі, адсутнасць інавацый і прагрэсу ў цэлым.

Варта дадаць, што, як і кожны інтэграцыйны крок паміж Беларуссю і Расіяй да гэтага часу, ратыфікацыя дагавору стане прадметам гандлю: таварам будзе часовая падтрымка «нагавіц» і цяперашняй улады (наперадзе прэзідэнцкія выбары), а коштам — будучыня Беларусі.

Вернемся да адказаў парламентарыяў. Звяртае на сябе ўвагу той факт, што аніводны не адказаў на пытанне, якім чынам ён будзе ўлічваць меркаванне грамадзян пры разглядзе дагавора ў Парламенце! Дакладней, Мурашка І.А. гэтае пытанне праігнараваў, а Карашкоў Я.Ф. адказаў за ўсіх грамадзян Рэспублікі Беларусь.

Такім чынам, шаноўныя беларусы, сапраўды ніхто не збіраецца пацікавіцца вашым меркаваннем на конт ЕАЭС!

Магчыма, што толькі ў Лагойскай выбарчай акрузе парламентарыям не цікава, што думаюць аб ЕАЭС іхнія выбаршчыкі. Але ж гэта малаверагодна, паколькі ўжо на другі дзень пасля падпісання дагавора старшыня пастаяннай камісіі па міжнародных справах ПП РБ Самасейка М.Л. паведаміў, што Парламент плануе ратыфікаваць дагавор у самыя кароткія тэрміны. Чытай, аніякіх грамадскіх абмеркаванняў не прадугледжваецца.

Таму варта не задавацца пытаннем — «а нас хто-небудзь спытаў?», а карыстацца законным правам самім пытаць службовых асоб! Зрабіць гэта не складана: ёсць электронная пошта, таму і выходзіць з дому не спатрэбіцца. Многія з нас марнуюць дастаткова часу на прагляд навін і напісанне каментароў, якія на наступны дзень ужо абсалютна не важныя. Дык удзяліце толькі 5 хвілін свайго часу годнай справе і дашліце ліст з вашым поглядам на ўступленне Беларусі ў ЕАЭС ці прапановамі сваім парламентарыям (спіс дэпутатаў па акругах і іхнія адрасы электроннай пошты ёсць на сайце Парламента).

Шматлікія грамадзяне нашай краіны на такую прапанову пытаюць: «І што гэта дасць?». Па-першае, калі негатыўны прагноз адносна будучыні ЕАЭС спраўдзіцца, то вы зможаце адказаць сваім дзецям на папрок у ваш адрас — як вы такое дапусцілі? — тым, што вы зрабілі хоць мінімальна ад вас залежнае: як звычайныя не радыкальна настроеныя грамадзяне выказалі сваё меркаванне прадстаўнікам улады. Па-другое, калі грамадзяне напішуць не адзін ліст, а тысячы, то нейкія публічныя дыскусіі на гэтую тэму абавязкова пачнуцца. З кітайска-беларускім індустрыяльным паркам гэта часткова атрымалася, дык там справа тычылася толькі малой часткі тэрыторыі, а пытанне аб ЕАЭС — гэта пытанне аб будучыні ўсёй Беларусі.

Безумоўна, па такім пытанні трэба праводзіць грамадскае абмеркаванне, і кожны свядомы грамадзянін павінен дамагацца гэтага. Нават калі большасць беларусаў будзе за ўступленне ў ЕАЭС, то падчас абмеркавання выявяцца негатыўныя сацыяльна-эканамічныя моманты, якія можна будзе загадзя вырашыць.

На жаль, улады важныя пытанні выносяць на абмеркаванне толькі пад моцным грамадскім ціскам, а па сваёй ініцыятыве — толькі пытанні другаснага значэння. Не так даўно па пажаданні «вярхоў» пачалося агульнаграмадскае абмеркаванне законапраекта «Аб барацьбе з карупцыяй». На мой погляд, гэтае пытанне другараднае, не сама барацьба з карупцыяй, вядома, а менавіта законапраект. Дзеля чаго ён вынесены на абмеркаванне, зразумець нескладана.

З 1994 года Лукашэнка абяцае перамагчы карупцыю, у кожнай перадвыбарчай праграме ў тым ці іншым выглядзе такі пункт быў. Які вынік 20-гадовай барацьбы, усе добра ведаюць… Ва Украіне адбыўся майдан (адной з мэт якога была барацьба з карумпаванай уладай), прайшло 20 гадоў амаль безвыніковага змагання з карупцыяй у Беларусі і наперадзе чарговыя выбары — што ж адказаць беларусам перад выбарамі? Можна было б сказаць, што карупцыя ёсць вынікам таго, што за ўсімі службоўцамі ён усачыць не можа, але ж амаль кожная бабка на лаўцы ведае — у нас вертыкаль улады, адпаведна, заўсёды вінаваты «верх» улады! Таму з аднаго боку трэба паказаць, што гэта агульная і складаная праблема. А з другога боку, зразумела, што карупцыя будзе і надалей, а вінаватым быць не хочацца (прынамсі аднаму) і тады паўстае ідэя падзелу адказнасці з народам. Маўляў, грамадзяне, мы разам з вамі стваралі закон аб барацьбе з карупцыяй, таму ўсе наступныя карупцыянеры — гэта не мая, а наша супольная недапрацоўка. Такім чынам, у гэтым пытанні меркаваннем грамадзян улады «цікавяцца», але вынік абмеркавання неістотны, таму што ў нашай краіне праблема барацьбы з карупцыяй не ў якасці законаў, а ў іх фактычным ужыванні.

Напрыканцы хацелася б пажадаць беларусам часцей нагадваць уладам — прадстаўнічай і выканаўчай — армейскую прымаўку: калі камандзір плюне — мы павыціраемся, але калі мы плюнем — ён захлынецца!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?