З Бабруйскага завода трактарных дэталяў і агрэгатаў (БЗТДіА) звольненыя наладчыкі 6-га і 5-га разрадаў Аляксандр Варанкін і Аляксандр Грамыка, члены Свабоднага прафсаюза Беларускага (СПБ). 

Нагадаем, 25—27 сакавіка старшыня пярвічнай арганізацыі СПБ Міхаіл Кавалькоў і яшчэ 11 работнікаў завода правялі папераджальную галадоўку. Яе прычынай яны называлі невыкананне адміністрацыяй прадпрыемства дасягнутых у студзені дамоўленасцяў пра пачатак перамоў аб калектыўным дагаворы. Сярод патрабаванняў было таксама спыненне пераследу работнікаў прадпрыемства за ўдзел у дзейнасці СПБ; устараненне дыскрымінацыйных пунктаў калектыўнага дагавора і распаўсюджванне яго дзеяння на ўсіх работнікаў завода; забеспячэнне старшыні пярвічкі бесперашкоднага доступу на прадпрыемства. Тады адміністрацыя завода ніяк не адрэагавала на акцыю. 

Варанкін і Грамыка былі ўдзельнікамі калектыўнага іску да завода наконт нявыплаты ім прэміі за культуру вытворчасці ў канцы 2013 года, назваўшы гэта дыскрымінацыяй па прыкмеце прыналежнасці да Свабоднага прафсаюза. Бабруйскі суд задаволіў іх іск і абавязаў кіраўніцтва прадпрыемства выплаціць прэмію па 300 тыс. рублёў кожнаму. 

Паводле слоў Кавалькова, супраць звальнення работнікаў выступіла кіраўніцтва цэха. «Майстры ўчастка звярнуліся да намесніка дырэктара па вытворчасці Юрыя Пужэвіча з просьбай пакінуць на працы Варанкіна. Намеснік дырэктара заявіў, што такіх людзей звальняць нельга», — сказаў прафсаюзны лідар. Ён адзначыў, што дырэктар завода Аляксандр Аграновіч, які з'яўляецца таксама дэпутатам Магілёўскага аблсавета, насуперак вытворчым інтарэсам прыняў рашэнне звольніць гэтых работнікаў. 

Кавалькоў паведаміў, што Варанкін удзельнічаў у сустрэчы з генеральным сакратаром Міжнароднай канфедэрацыі прафсаюзаў Шаран Бароў у сярэдзіне верасня, дзе ўзняў тэму звальненняў работнікаў завода за прыналежнасць да Свабоднага прафсаюза. «Даведаўшыся аб тым, што Аляксандр Варанкін быў на сустрэчы з Шаран Бароў, Аграновіч прыгразіў, што Варанкін у Бабруйску працу сабе не знойдзе», — сказаў Кавалькоў. Ён таксама паведаміў, што раней аб адмове працягваць кантракты з Варанкіным і Грамыкам, пры недахопе на заводзе высокакваліфікаваных спецыялістаў, было паведамлена Міністэрству працы і сацыяльнай абароны. 

Варанкін і Грамыка пацвердзілі сваё звальненне з-за прыналежнасці да Свабоднага прафсаюза. У той жа час яны не шкадуюць аб тым, што актыўна ўдзельнічалі ў адстойванні правоў працоўных. «Яшчэ больш актыўна трэба было ўдзельнічаць, таму што на заводзе бязмежжа, людзьмі пагарджаюць. Рабочыя каля станка атрымліваюць зарплату па 2 млн. рублёў», — заявіў Варанкін. 

Дырэктар прадпрыемства Аляксандр Аграновіч адмовіўся ад каментарыяў адносна звальнення Варанкіна і Грамыкі. 

Нагадаем, у маі адміністрацыя БЗТДіА не працягнула кантракт члену Свабоднага прафсаюза Беларускага, удзельніку сакавіцкай галадоўкі на прадпрыемстве грузчыку Віктару Восіпаву, нягледзячы на просьбу калектыву і станоўчую характарыстыку начальніка ўчастка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?