Мінгарвыканкам будзе паступова замяняць пясчана-солевыя сумесі супраць галалёду на сумесі, заснаваныя на адходах цукровай вытворчасці (меласы),

паведаміў на брыфінгу ў Мінску 1 кастрычніка першы намеснік старшыні гарвыканкама Уладзімір Кухараў. 

«Мы плануем і далей выкарыстоўваць гэтыя сумесі і паступова замяшчаць стандартныя пясчана-солевыя сумесі, якія прыносяць пэўную шкоду і навакольнаму асяроддзю, і металічным канструкцыям», — сказаў ён. 

Паводле слоў Кухарава, летась у поўнай меры выкарыстоўваць новыя сумесі не ўдалося, бо зіма была маласнежная і вялікай колькасці рэагентаў не запатрабавалася. «У той перыяд, калі новы склад выкарыстоўваўся, ён зарэкамендаваў сябе з добрага боку. Самая галоўная яго перавага — ён не выклікае карозію, што добра і для аўтамабіляў, і для агароджаў. Таму мы будзем працягваць меласу выкарыстоўваць. Неабходны запас гэтых сумесяў нарыхтаваны, і ім зацікавіліся некаторыя замежныя партнёры, якія заключылі кантракты на пастаўку», — заявіў чыноўнік. 

Ён адзначыў, што калі летась сумесі выкарыстоўваліся ў асноўным на дваровых тэрыторыях, то гэтай зімой плануецца імі пасыпаць і праезную частку. «Вывучаны ўласцівасці сумесяў ва ўмовах вялікіх хуткасцей, счапленне колаў з дарогай, і «Рамаўтадар» будзе іх выкарыстоўваць», — паведаміў прадстаўнік гарвыканкама.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0