Ініцыятары кампаніі «Народны рэферэндум» 2 кастрычніка перадалі ў беларускі парламент зварот з просьбай правесці агульнарэспубліканскі рэферэндум па шасці пытаннях, вызначаных у межах кампаніі. Зварот падмацаваны подпісамі 50 тысяч грамадзян Беларусі.

На «Народны рэферэндум», правядзення якога маюць намер дабівацца ў межах заканадаўства ініцыятары кампаніі, прапаноўваецца вынесці наступныя пытанні: 

1. Ці згодныя вы, што ў дзяржаўных установах адукацыі і аховы здароўя ўсе паслугі грамадзянам Беларусі павінны аказвацца бясплатна?

2. Ці згодныя вы, што кіраўнікі выканкамаў гарадоў, раёнаў, абласцей павінны абірацца прамым галасаваннем грамадзян?

3. Ці падтрымліваеце вы курс на эканамічную інтэграцыю, асацыяцыю і стварэнне бязвізавай прасторы з Еўрапейскім саюзам?

4. Ці згодныя вы, што для забеспячэння нейтральнага статусу Беларусі ў краіне павінна быць забаронена размяшчэнне замежных ваенных аб'ектаў, ядзернай зброі, а беларускія ваенныя не павінны несці службу за мяжой? 

5. Ці згодныя вы, што адзін і той жа чалавек не можа займаць пасаду прэзідэнта больш за два тэрміны? 

6. Ці згодныя вы, што грошы, атрыманыя ад запланаванай урадам прыватызацыі, у першую чаргу павінны пайсці на кампенсацыю ўкладаў, страчаных падчас дэвальвацыі 2011 года, і стварэнне працоўных месцаў?

У будынак парламента дакументы прынеслі лідар грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Уладзімір Някляеў і яго намеснік Андрэй Дзмітрыеў, першы намеснік старшыні руху «За Свабоду» Юрый Губарэвіч, старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч і кіраўнік Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ірына Вештард. 

Зварот і пяць каробак з подпісамі грамадзян у прадстаўнікоў кампаніі «Народны рэферэндум» прыняў загадчык аддзела па зваротах грамадзян і юрыдычных асоб сакратарыята Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Віктар Сазон. 

Акрамя таго, кожны са 107 дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў атрымае асабісты зварот. 

Перад наведваннем парламента Уладзімір Някляеў на прэс-канферэнцыі нагадаў: у ходзе чэрвеньскага апытання Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (Вільнюс, Літва) 45% рэспандэнтаў згадзіліся, што ўлады павінны прызначыць «Народны рэферэндум». Адмоўна на гэтае пытанне аказалі 37% апытаных.

У сваю чаргу Юрый Губарэвіч падкрэсліў: нават у кантэксце Беларусі сабраныя 50 тысяч подпісаў — гэта дастаткова шмат. «50 тысяч — гэта колькасць складу арміі Беларусі, гэта чатыры «Барысаў-Арэны», — заўважыў ён.

На думку Аляксея Янукевіча, кампанія «Народны рэферэндум» з'яўляецца стратэгічнай, яна «абараняе беларускую незалежнасць ад расійскай агрэсіі». «Лукашэнка сёння не з'яўляецца гарантам беларускай незалежнасці, — заявіў лідар Партыі БНФ. — Мы ж уцягваем грамадства ў абмеркаванне пытанняў, якія ўздымае «Народны рэферэндум». <…> Мы заклікаем грамадства мець свой голас, стаць часткай палітычнага працэсу. Тады мы атрымаем шанс, каб само грамадства стала гарантам незалежнасці краіны».

Аб яднанні палітычных сіл Беларусі з беларускім грамадствам гаварыла і Ірына Вештард. «Усе мы марым аб незалежнай Беларусі, дэмакратычным шляху яе развіцця, справядлівых выбарах і пераменах у жыцці. Гэтага можна дасягнуць, толькі калі мы будзем траціць больш намаганняў для яднання. Работа над «Народным рэферэндумам» якраз і дазваляе аб'яднаць намаганні не толькі палітычных сіл, але і насельніцтва», — сказала яна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?