Сейм Польшчы зацвердзіў новы ўрад на чале з Эвай Копач.

Як паведамляе Reuters, у падтрымку новага ўрада прагаласавала 259 парламентарыяў, «супраць» — 183, а трое ўстрымаліся.

Нагадаем, 22 верасня прэзідэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі зацвердзіў новы склад кабінета міністраў на чале з Эвай Копач.

Аднак першае ж інтэрв'ю Эвы Копач выклікала крытыку як палітыкаў, так і экспертаў. У прыватнасці, адказваючы на пытанне аб падтрымцы Украіны зброяй, Копач адзначыла, што падыходзіць да яго перш за ўсё як жанчына. «Я ўяўляю, што б я зрабіла, калі б на вуліцы мужчына размахваў вострым інструментам або трымаў пісталет у руцэ… Таму я б зайшла ў дом, замкнула яго і клапацілася аб маіх дзецях», — сказала яна.

Такая крытыка адкарэктавала пазіцыю Эвы Копач. Выступаючы ў Сейме напярэдадні галасавання аб даверы, яна паабяцала працягваць палітыку падтрымкі Украіны. «Мы падтрымліваем праеўрапейскі кірунак развіцця Украіны. Але адказнасць за рэфармаванне дзяржавы ляжыць на украінцах», — заявіла яна.

Паводле слоў прэм'ер-міністра, такая палітыка не азначае згоды ні на захоп тэрыторыі суверэннай дзяржавы, ні сілавыя змены межаў у Еўропе. Эва Копач дадала, што для Польшчы і яе грамадзян ключавым з'яўляецца спыненне ўзброенай барацьбы ва Украіне і кансалідацыя ўкраінскай дзяржавы.

Пасаду міністра замежных спраў заняў Гжэгаж Схетына, які, па прагнозах экспертаў, дакладна не будзе граць ролю «адваката Украіны» на тым узроўні, да якога Кіеў прывык пры папярэднім міністры Радаславе Сікорскім.

Да таго ж, Схетына не мае вопыту дыпламатычнай працы і нават не размаўляе свабодна па-англійску.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?