За падпал аўтамабіля сваёй жонкі асуджаны 40-гадовы індывідуальны прадпрымальнік з Баранавічаў.
Як паведаміў намеснік начальніка аддзела пракуратуры Брэсцкай вобласці Аляксандр Жашко, на момант учынення злачынства муж і жонка пражывалі асобна. Жанчына пайшла да сваіх бацькоў пасля таго, як муж, убачыўшы яе на вуліцы з мужчынам, з рэўнасці распачаў бойку.
Каб жонка не звярталася ў суд з заявай аб спагнанні аліментаў на двух іх непаўналетніх дзяцей, муж даў ёй тысячу долараў для набыцця аўтамабіля. Жанчына купіла «Фальксваген Пола» і падала на аліменты. 30 чэрвеня ноччу муж падпаліў прыпаркаваную каля дома машыну. У выніку аўтамабіль згарэў амаль дашчэнту. Нанесены пацярпелай урон склаў 30 млн рублёў.
16 верасня суд Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы прызнаў мужчыну вінаватым у наўмысным пашкоджанні маёмасці, учыненым агульнанебяспечным спосабам (ч. 2 арт. 218 КК) і прыгаварыў да трох гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі строгага рэжыму.
Нанесены матэрыяльны ўрон ён кампенсаваў у поўным аб'ёме.
Прыгавор яшчэ не набыў законную сілу.
Раней мужчына быў тройчы судзімы.