Дзень сваёй «незалежнасці» ў Данецку 24 жніўня 2014 г., фота Сяргея Зініна.
У самаабвешчанай Данецкай народнай рэспубліцы (ДНР) падтрымалі ідэю прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі паслаць на Украіну міратворцаў.
Такое меркаванне ў каментары для радыёстанцыі «Гаворыць Масква» выказаў «намеснік старшыні» «вярхоўнага савета» ДНР Міраслаў Рудэнка.
«Беларусы, напэўна, тыя, хто найбольш блізкія да нас, як і жыхары Расіі, якія з самага пачатку гэтых падзей з намі ўсёй душой і сэрцам.
Было б вельмі добра, калі б беларускі вайсковы кантынгент размежаваў нашы сілы як раз на ўзроўні межаў ДНР і ЛНР, аддзяліўшы тэрыторыі народных рэспублік ад Украіны», — сказаў Рудэнка.
Пра гатоўнасць паслаць міратворцаў на Украіну Лукашэнка заявіў у інтэрв'ю тэлеканалу Euronews. «Калі трэба — а гэта для мяне вельмі небяспечная і страшная рэч — калі ёсць недавер Расіі да Захаду і Захаду да Расіі (…) і ёсць недавер ваюючых бакоў, то я гатовы быў б выкарыстоўваць і свае ўзброеныя сілы для таго, каб развесці канфліктуючыя бакі», — заявіў беларускі лідар.