Падатковы манеўр Расіі можа прывесці да перагляду беларускага бюджэту на 2015 год, паведаміў 3 кастрычніка на пасяджэнні пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах прадстаўнік Беларусі ў Еўразійскай эканамічнай камісіі Сяргей Румас.

«Калі прапановы беларускага боку не будуць падтрыманыя, 1 млрд долараў для Беларусі — істотная сума, і, мабыць, ураду давядзецца пераглядаць артыкулы расходаў бюджэту», — заявіў Румас.

Ён адзначыў, што 3 кастрычніка ў Маскве знаходзіцца першы віцэ-прэм'ер Уладзімір Сямашка. Беларускі бок прапаноўвае падпісаць пратакол і ўрэгуляваць пытанне, звязанае з уплывам падатковага манеўра на Беларусь. «Наша прапанова заключаецца ў кампенсацыі страт, выкліканых падатковым манеўрам. Мы прапаноўваем поўнасцю залічваць у беларускі бюджэт вывазныя пошліны на нафтапрадукты, належныя Расіі да 2017 года», — сказаў чыноўнік.

Паводле яго слоў, прапанова беларускага боку абумоўленая тым, што зараз беларускія НПЗ праводзяць мадэрнізацыю. «Мы спадзяемся, што да 2017 года нашы прадпрыемствы завершаць мадэрнізацыю і павялічаць глыбіню перапрацоўкі», — адзначыў Румас.

Цяпер Беларусь пералічвае ў расійскі бюджэт вывазныя мытныя пошліны на нафтапрадукты, вырабленыя з расійскай нафты і экспартаваныя за межы Мытнага саюза. У 2013 годзе Беларусь пералічыла ў расійскі бюджэт 3,3 млрд долараў ЗША.

У маі гэтага года ў працэсе падрыхтоўкі дагавора аб Еўразійскім эканамічным саюзе Масква і Мінск дамовіліся, што беларускі бок зможа з 2015 года пакідаць у сваім бюджэце штомесяц нафтапошлін на 125 млн долараў (1,5 млрд долараў у гадавым выражэнні). Аднак у верасні стала вядома, што расійскі ўрад плануе рэалізаваць у наступным годзе «падатковы манеўр» (рэзкае зніжэнне экспартных пошлін на нафту і нафтапрадукты і адначасова з гэтым значнае павышэнне падатку на здабычу карысных выкапняў). Адпаведны законапраект унесены ў Дзярждуму.

29 верасня Аляксандр Лукашэнка, сустракаючыся з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў, заявіў, што запланаваны Расіяй падатковы манеўр у нафтавай галіне можа прывесці да значных страт для Беларусі і стварыць праблемы ў функцыянаванні Еўразійскага эканамічнага саюза.

«Мы накіравалі групу спецыялістаў на чале з Уладзімірам Сямашкам, які вядзе перамовы на гэтую тэму. Калі такі крок будзе зроблены з боку Расійскай Федэрацыі, гэта стане вельмі вялікай праблемай у функцыянаванні цяперашняга саюза. Па-першае, таму, што мы дамаўляліся аб іншым. Па-другое, калі ажыццяўляюцца нейкія дзеянні ў адным кірунку, значыць трэба, каб у іншым была кампенсацыя. Гэта вялікія грошы, якія мы ні ў якім выпадку не павінны губляць», — падкрэсліў Лукашэнка.

Згодна з разлікамі беларускіх уладаў, страты Беларусі, звязаныя з падатковым манеўрам у нафтавай галіне Расіі, могуць перавысіць 1 млрд долараў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?