Ганконскія ўлады паведамілі пра арышт 19 чалавек, якія зладзілі серыю нападаў на ўдзельнікаў акцый пратэсту. Сярод арыштаваных, паводле паліцыі, васьмёра — з тайных злачынных арганізацый — трыяд, перадае Бі-бі-сі.
У гандлёвым раёне Мон-Кок арганізаваныя групы маладых людзей сарвалі палаткі пратэстоўцаў і пачалі бойку.
Паліцыянтам удалося разняць бакі пасля таго, як яны сталі паміж імі «жывым ланцугом».
Паліцыя адмаўляе абвінавачванні дэманстрантаў у тым, што за збіццём мітынгоўцаў стаяць прадстаўнікі ўладаў. Такі прыём стаў шырока вядомы пасля падзей на Майдане ў Кіеве, дзе ўлада Януковіча выкарыстоўвала крымінальных наёмнікаў-«цітушак».
Дэманстранты з мінулых выходных блакуюць доступ у цэнтральныя раёны горада. Яны незадаволеныя планамі Пекіна праводзіць адбор кандыдатаў на пасаду кіраўніка адміністрацыі Ганконга на выбарах у 2017 годзе.