У Коўне, ва Універсітэце Вітаўта Вялікага, працягваецца 4-ы Кангрэс даследчыкаў Беларусі. Ён сабраў 480 даследчыкаў з усяго свету на 15 секцый, якія ахопліваюць палітычныя навукі, эканоміку, гісторыю, філалогію, сацыялогію.

Сярод цікавых дакладаў, што прагучалі ў суботу, — выступ гісторыка з усходнебеларускага горада Крычаў Сяргея Астанковіча.

Ён расказаў пра Караля Барысовіча. Гэта быў шляхціц, які жыў у родавым маёнтку Разальмаў. Тады гэта быў Клімавіцкі павет. Цяпер Хоцімскі раён Магілёўскай вобласці. Цікава, што ў вёсцы Разальмаў вырасла цяперашняя старшыня Нацыянальнага банка Надзея Ермакова.

Барысовіч нарадзіўся ў 1887 годзе. З маладосці цікавіўся беларускімі справамі, узгадваў, як у іх на Магілёўшчыне хадзілі старыя беларускія творы, як «Тарас на Парнасе». Быў паэт, пакінуў па сабе польскамоўныя ўспаміны, якія пісаў усё жыццё і якія часткова захаваліся.

Барысовіч сам ва ўспамінах называў такіх людзей, як ён сам, Gente Albaruthenus, Natione Polonus. Ён быў, як удакладніў іншы выступоўца, Зміцер Мацвейчык, тыповым прадстаўніком «крэсовага руху». Беларусь ад Польшчы ён не аддзяляў. Комплекс вышэйшасці палякаў яму быў уласцівы. Але ў той жа час ён марыў і пра нацыянальнае адраджэнне «беларускага люду». І сам выдатна гаварыў па-беларуску. І ідэалізаваў мінулае Беларусі.

Задумаў у Магілёве выдаваць беларускамоўную газету, гатовы быў даць на гэта грошы. Вядомая ягоная перапіска з Вацлавам Ластоўскім на гэтую тэму. Праўда, газета так і не з’явілася.

Затое Барысовіч, сярод іншага, сцвярджаў у сваіх успамінах, што даваў грошы і на выданне зборніка Максіма Багдановіча «Вянок».

Памёр Караль Барысовіч у 1967 годзе ў Залессі-Дольным пад Варшавай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?