У Беларусі з'яўляецца вялікая колькасць прадукцыі, якая цешыць усіх нас сваім нацыянальным каларытам, пачынаючы ад кубкаў, сканчаючы адзеннем. Не так даўно, пабачылі свет аўтарскія саколкі Вадзіма Пракопчыка. Мы сустрэліся з ім і пагутарылі пра новы брэнд «Саколка».

Наша Ніва: Адкуль узнікла «Саколка»?

Вадзім Пракопчык: «Саколка» ўзнікла ад вялікага жадання рабіць аўтарскія саколкі, свае саколкі! Не пахабныя, не пошлыя, без надпісаў «твая салодкая малышка». Хацелася зрабіць саколкі, якія нясорамна будзе апрануць і нацыяналісту і абсалютна індыферэнтнаму абывацелю. Гэтае жаданне выспявала здаўна, але дэтанатарам з’явіліся дзьве падзеі. Першая – лекцыя Міхаіла Баярына ў Лятучым Універсітэце і ягоныя сімвалы, якія проста самі прасіліся на саколкі, а другая падзея - «вялікі вышываначны бум», як я яго называю, на які трэ было тэрмінова даць свой адказ. Напрыканцы ліпеня я зразумеў, што цягнік можа сысці і трэба ў яго заскочыць, нават калі валіза для падарожжа не зусім сабраная. Міхаіл даў згоду, і калекцыяй «Крывіцкія руны» мы стартавалі.

НН: Як нарадзілася сама назва?

ВП: Яна атрымалася мэтадам выключэнняў. «Футболка» – зусім вузкая назва чамусьці толькі пра футбол, «цішотка» – занадта замежная назва (ад ангельскай t-shirt), «майка» – падобная на майткі (па-расейску «трусы»). Засталася «саколка». І, о цуд Божы – свабоднае даменнае імя sakolka.by!

НН: Які асноўны канцэпт у брэнда?

ВП: Наш асноўны канцэпт – адзенне для беларусаў ХХІ стагоддзя. Чалавеку, які жыве тут і цяпер, карыстаецца сучаснымі аўто, камп’ютарамі і смартфонамі, жыве ў сучасным рытме і ў сучасным асяродку, патрэбнае новае адзенне. Сучаснае, простае, сваё.

НН: Што за сімвалы на саколках?

ВП: Цяпер мы ўжо маем тры калекцыі з сімваламі «Крывіцкія руны», «Патрык» і «Піктаграмы». Калі размова пра «Крывіцкія руны», дык гэта сімвалы распрацаваў Міхаіл Баярын. Узяўшы любы ручнік ці беларускі народны строй і ўважліва разгледзеўшы, вы ўбачыце такія сімвалы.

НН: Ці плануеце вы выпускаць нешта яшчэ акрамя саколак?

ВП: Ужо цяпер ёсць разуменне, што проста ўзяць саколку і надрукаваць на ёй знак – недастаткова. Безумоўна, такія «проста саколкі» застануцца, і магчыма будуць нават складаць бальшыню асартыменту, але будуць і прынцыпова іншыя рэчы «на базе саколак», скажам так. Пакуль не буду раскрываць карты, прыйдзе час, пабачыце. Таксама рыхтуем світшоты, бо як пачало халадаць, адразу рынак запатрабаваў нешта больш цёплае. Ідэяў процьма, але я ўпэўнены, што нават самая першая калекцыя з рунамі яшчэ далёка ня вычарпаная. Тут трэба захаваць пэўны рытм і не спяшацца. З аднымі толькі рунамі мы маем ужо цяпер чатыры новыя распрацаваныя крокі, якія зробім цягам бліжэйшых месяцаў. Але акрамя рунаў шмат тэмаў, якія чакаюць сваёй рэалізацыі па прынцыпе: ёсць задача – ёсць адмысловец, які здольны якасна яе выканаць.

НН: Колькі чалавек працуе над брэндам?

ВП: У нас няма нейкага «штату супрацоўнікаў». Ёсць задачы, якія магу выканаць я, а ёсць тыя, што лепей выканае адмысловец у сваёй сферы. І тады я звяртаюся да яго. Кампетэнтныя адмыслоўцы і працуюць над брэндам. Сёння я хачу падзякаваць і адзначыць Дзіну Даніловіч, якая стварыла цудоўны лукбук, кансультуе па ўсіх пытаннях моды, і натхняе нас на новыя падыходы ў творчасці; Аляксандру Баярыну, якая дапамагае і штурхае нас наперад, як матор, Яўгена Горана, які цудоўна і тонка накіроўвае і які упрыгожыў сваім вобразам нашы фота, Карыну Момат, яскравую і таленавітую мадэль, што працавала ў Мілане і Парыжы і пагадзілася паўдзельнічаць у нашым праекце, Эму-Марыю Чарных за вялікую дапамогу ў здымках, Валеру Краснагіра за піяр. І безумоўна, аўтара рунаў – філосафа Міхаіла Баярына, з якога ўсё і пачалося. Бяз гэтых людзей ніякай «Саколкі» папросту не было б.

НН: У вас вельмі цікавая падача лукбукаў, беларускі сімвал падаецца ў такім сучасна-брутальным фармаце(што безумоўна яму на карысць).

ВП: Дзякуй, але даруйце, я не бачу тут нічога брутальнага. Няўжо пяшчотныя рукі, адкрыты, яскравы, прыгожы беларускі твар, загадкавы погляд Карыны Момат паведамляе аб нейкай брутальнасці?

Лукбук, па задуме аўтара мусіў давесці дзве думкі. Першая – паказаць як і з чым можна насіць саколкі, каб ваш лук быў лукам ХХІ стагоддзя. Другая – крыху прасцябаць гэты абсалютна ненармальны погляд на сябе вачыма суседзяў. Гэтыя бясконцыя бульбы, бульбашы, гэта агідна.

З тае прычыны і з’явіліся капуста, кукуруза, яблыкі. Дзіна ў лоб не гаворыць гледачу пра бульбу, пакідаючы прастору для разважанняў.

НН: Для якіх людзей гэтае адзенне?

ВП: Гэтая пытанне я ставіў перад сабой на самым пачатку. Азірніцеся навокал — усе носяць саколкі. Ад маладых да старых, ад галадранцаў да «залатой моладзі» — амаль усе. Гэта бязмежны рынак. Як на харчаванне, будаўніцтва ці пахаванне, тут заўсёды будзе попыт. Носяць проста саколкі, саколкі пад пінжакі, пад світшоты, пад курткі, плашчы, швэдры — усе залежыць ад таго, куды вы іх апранаеце і што вы хочаце паведаміць. Дарэчы, мне падаецца, у лукбуку вельмі ўдала паказана, што саколкі можна спалучаць ня толькі з джынсамі, што саколкі могуць быць на шмат памераў болей, падбярыце аксесуары, абутак, біжутэрыю і звычайная саколка адразу ператвараецца ў нешта іншае.

НН: Якія кошты на саколкі?

ВП: Цяпер мы трымаем кошты на мінімуме для прадукцыі такога ўзроўню — 200.000 амаль на ўсе саколкі. А напрыканцы года для тых, хто замовіў шмат саколак, мы рыхтуем сюрпрызы – гэта абавязкова.

НН: Ці ёсць ужо попыт на прадукцыю?

ВП: Саколкі разыходзяцца, як гарачыя піражкі і гэта наша галоўная ўзнагарода.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?