У апублікаваным 3 кастрычніка інтэрв'ю тэлеканалу Euronews Аляксандр Лукашэнка паведаміў пра гатоўнасць выкарыстоўваць беларускія ўзброеныя сілы з мэтай ўрэгулявання ваеннага канфлікту ва Украіне.

На наступны дзень, 4 кастрычніка, нямецкае выданне DW апублікавала думкі палітолагаў, якія лічаць, што заява прэзідэнта Беларусі накіраваная выключна на знешніх спажыўцоў для паляпшэння яго іміджу ў вачах Захаду.

Для большасці ж беларусаў, якія выступаюць за нейтралітэт сваёй краіны ў расійска-ўкраінскім канфлікце, рэалізацыя такой ідэі будзе непрымальнай.

Новае поле для дзейнасці

Ацэньваючы заяву Аляксандра Лукашэнкі пра магчымасці міратворчай аперацыі сіламі беларусаў, палітычны аналітык кіеўскага Інстытута еўраатлантычнага супрацоўніцтва Уладзімір Горбач заявіў, што падзеі ва Украіне сталі новым полем для дзейнасці беларускага кіраўніка. «Гэта шанец, які спрабуе выкарыстаць кіраўнік Беларусі, каб выйсці з ізаляцыі, у якой ён знаходзіцца шмат гадоў пад еўрапейскімі візавымі санкцыямі і з тытулам апошняга дыктатара ў Еўропе», — лічыць украінскі палітолаг.

Уладзімір Горбач

Уладзімір Горбач

Знешнепалітычную иницативу беларускага прэзідэнта Горбач разглядае ў рэчышчы той пазіцыі, якую Лукашэнка заняў яшчэ ў сакавіку пасля анексіі Крыма: Беларусь — бок нейтральны, а беларуская ўлада — пасрэднік у міратворчым працэсе.

Эксперт называе пасрэдніцкія дзеянні Мінска карыснымі для ўрэгулявання канфлікту ва Украіне.

У той жа час Горбач перакананы, што прысутнасць беларускіх вайскоўцаў на ўкраінскай зямлі немагчымая. «Гэта непрымальна для Украіны, і калі тут з'явяцца міратворцы, то толькі пад эгідай ААН, але ніяк не СНД, як у Прыднястроўі, Абхазіі і Паўднёвай Асеціі», — мяркуе ўкраінскі аналітык.

Місія немагчымая

«Заява Лукашэнкі тэлеканалу Euronews не мае нічога агульнага з палітычнай і прававой рэальнасцю», — упэўнены доктар палітычных навук, кіраўнік беларускага Цэнтра палітычнага аналізу і прагнозаў у Варшаве Павел Усаў. Ён спасылаецца на тое, што манаполія на міратворчую місію належыць Арганізацыі аб'яднаных нацый, і Беларусь не можа ажыццяўляць міратворчую місію без спецыяльнага мандата ААН.

Павел Усаў

Павел Усаў

Таму Усаў прапануе расцэньваць словы беларускага кіраўніка як папулісцкі крок у кантэксце падзей вакол Украіны, ад якіх Лукашэнка спадзяецца атрымаць дывідэнды для аднаўлення стасункаў з Захадам. «Яму важна паказаць, што рэжым мае добрую волю на ўдзел у развязванні ўкраінскага крызісу», — падкрэслівае палітолаг.

На яго думку, нават калі выказаць здагадку, што Беларусь атрымала б спецмандат ААН, у яе не хопіць рэсурсаў для выканання такой місіі.

«Ёсць беларуская міратворчая рота, у складзе якой усяго 30 чалавек, хоць яе штат можа быць павялічаны да 200 кантрактнікаў», — кажа кіраўнік цэнтра прагнозаў. Але гэтых сіл недастаткова, каб забяспечыць ваенную бяспеку і кантраляваць мірны перамоўны працэс у Данбасе.

Дэкларацыя без рызыкі

А Уладзімір Горбач адзначае яшчэ адну акалічнасць, з прычыны якой беларускі рэжым не можа расцэньвацца Кіевам як самастойны гулец ў справах Украіны — гэта моцная залежнасць Мінска ад Крамля ў ваенным і эканамічным плане. «Тым больш, што Расія не жадае сканчаць канфлікт ва Украіне, мяркуючы па тым, што працягваюцца інтэнсіўныя баі», — падкрэслівае ў сваю чаргу Павел Усаў.

Эксперт звяртае ўвагу на тое, што ў выпадку ўдзелу ў міратворчай місіі беларусы стануць ахвярамі чужой вайны, што неадкладна прывядзе да падзення іміджу і падтрымкі Лукашэнкі, які цяпер знаходзіцца на піку папулярнасці дзякуючы стабільнай сітуацыі ў краіне.

«Разумеючы ўсе рызыкі, кіраўнік Беларусі наўрад ці пойдзе далей дэкларацый», — кажа Усаў.

Між тым, 3 кастрычнік ўкраінскі МЗС адхіліў прапанову прэзідэнта Беларусі ўвесці міратворчыя войскі на тэрыторыю Данбаса. «Мы здольныя самі навесці парадак на сваёй зямлі, калі яе пакінуць замежныя войскі», — заявіў дырэктар дэпартамента інфармацыйнай палітыкі МЗС Украіны Яўген Перабійніс.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?